Святар з Горак: Каталіцкая Царква — гэта перадусім не будынак, а людзі

кс. горкіЗа некалькі гадоў святарскага служэння кс. Андрэй Кеўліч, душпастыр парафіі Маці Божай Бялынцкай у Горках, паспеў папрацаваць у моцнай парафіі ў Вілейцы, падрыхтавацца да паступлення ў Падуанскі універсітэт і атрымаць прызначэнне ў парафію ў Горкі, якая дагэтуль існавала, хутчэй, намінальна. Пра нюансы пабудовы святыні і адраджэння парафіяльнай традыцыі з нуля распавядае малады святар.

— Айцец Андрэй, змена святарамі месца служэння згодна бачанню герархаў, – нармальная практыка ў Каталіцкай Царкве, але ў вашым выпадку парафія ў Горках стаецца ўжо трэцім прызначэнем за адносна непрацяглы час святарства. Чаму так?

— Я – святар, і служу Госпаду і людзям там, куды скіроўвае Царква. Шчыра кажучы, гэта не заўсёды лёгка прыняць, а тым больш зразумець, але так кіруе маім жыццём Божы Провід.

— У Вілейцы вы былі вельмі запатрабаваным душпастырам менавіта для моладзі, якая з задавальненнем гуртавалася вакол вашых пачынанняў, а тут, у Горках, маладыя вернікі – гэта літаральна пара чалавек, столькі ж і дзяцей…

— Калі азірнуцца назад, дык, падаецца цяпер, нічога своеасаблівага ў месцы майго папярэднягаMINOLTA DIGITAL CAMERA служэння я не рабіў. Заўсёды стараюся быць шчырым, – сёння, ацэньваючы тую працу, бачу, што ў свой час можна было б зрабіць і больш, і лепш. Тым не меней, пасля таго, як я прапрацаваў у Вілейцы трохі болей за два гады, мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам была агучаная прапанова вучобы ў сферы пастаральнага багаслоўя, і я пагадзіўся, бо, шчыра кажучы, меў жаданне вучыцца.

Але мая прыгода з вучобай у Італіі скончылася, нават не распачаўшыся, – я паспеў толькі скончыць моўныя курсы і падрыхтаваць дакументы ва ўніверсітэт у Падуі, як атрымаў іншы дэкрэт, згодна з якім з 29 верасня 2013 года служу ў Горках. Гэта рашэнне царкоўнага герарха – ардынарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якому я падчас святарскага пасвячэння прысягаў перад Госпадам у паслухмянасці.

— У Горкі вы прыехалі ў, мякка кажучы, непрыдатныя для жытла ўмовы, тым больш, што парафія ў апошнія гады не мела рэгулярнай душпастырскай апекі..

— Што тычыцца ўмоваў, — так, не магу сказаць што было лёгка, як не магу сказаць, што і цяпер ўсё гладка, хаця стала трохі лепей. Але – я ў прынцыпе чалавек не надта патрабавальны адносна камфорту. Што да парафіі, дык на першай Святой Імшы было 7 чалавек. Пасля Еўхарыстыі, калі ўсе разыйшліся, і я застаўся адзін ў халодным ды не надта ўтульным памяшканні, была толькі адна думка: “Як тут жыць? Я тут чужы”. Не вытрымаў і першую ноч пераначаваў у кс. Аляксадра Шупенькі са Шклова.

MINOLTA DIGITAL CAMERAА назаўтра, калі вярнуўся і толькі адчыніў дзверы, да мяне адразу прыехала міліцыя, якая адрэагавала на ўсталяваную ў доме сігналізацыю (я яе забыўся выключыць). І тут я зразумеў, што не маю на руках ніводнага дакумента на гэты дом. Пасля гэтыя дакументы мы знайшлі ў Мінску.
Ці горацкія вернікі чакалі святара – так! Толькі, ведаеце, – бачыў на іх тварах недавер. Нажаль, поўнасцю ён яшчэ не знік. Але, хаця парафія ў Горках невялікая, людзі – вельмі ахвярныя: дапамагаюць, чым могуць, – прадуктамі, сваёй працай.

Што тычыцца грошай – на мой погляд, таксама ўсё ідзе ў добрым кірунку. Гэта бачна нават па сумах, якія людзі згодныя выдаткоўваць на парафіяльныя справы: на першай Імшы ахвяраванні склалі 35 тысяч, цяпер, у сярэднім, – 150-200 тысяч.

— Тэндэнцыя сённяшняга дня такая, што на абшары Магілёўшчы пачалі накіроўвацца маладыя святары. Як вы лічыце, ці гэта правільны крок у ажыўленні рэлігійнага жыцця там, дзе каталіцкасьці амаль не засталося?173

— Калі прааналізаваць гісторыю Каталіцкай Царквы на Магілёўшчыне, можна заўважыць, што духоўнае служэнне ў нашым рэгіёне выконвалі пераважна манаскія супольнасці, – бо так было лягчэй і лагічней, супольнасці з іншых мясцінаў дапамагалі тутэйшым, якія ніколі не былі вельмі заможнымі.
Пэўная праблема бачыцца мне ў тым, што большасць меркаванняў пра пазіцыі Каталіцкай Царквы на Магілёўшчыне зыходзіць з вуснаў святароў, якія ніколі не былі на нашай зямлі, альбо маюць уяўленне толькі пра Магілёўскую конкатэдру. Таму рашэнне герархаў “пазнаёміць” пэўную колькасць святароў з нашым рэгіёнам – суперскае.

Іншы бок накіравання сюды менавіта маладых святароў – ёсць небяспека, што цяжкасці, з якімі мы тут сутыкаемся, могуць забіць у чалавеку святарства, а нават і чалавечнасць.

— Вы набылі хату побач з парафіяльным дамком, якую цяпер ператвараеце ў каплічку. Ці гэта ад пачатку вам бачылася як патрэбны наступны крок, альбо гэта шчаслівая выпадковасць?

— Мне вельмі не падабаецца набытак – дамок пад каплічку – які быў зроблены ў 2009 годзе. Шчыра кажучы, можна было б і лепей выкарыстаць сродкі, якія на той момант былі. Цяперашнія 25 квадратных метраў – такая нашая часовая капліца, якая, па сутнасці, проста пакой са столлю, якая цячэ.

Шукаючы штосьці іншае для месца малітвы, я сярод зарослага хмызняка ўбачыў домік, які ўжо некалькі гадоў быў прытулкам для катоў ды сабакаў. Ён сумежны з нашым парафіяльным домам. Тады з’явілася шалёная ідэя: а можа, купіць гэтую дзялку, і тады атрымліваецца някепскі кавалак зямлі, на якім можа знаходзіцца і асобная капліца?

Ніякай выпадковасці ў гэтым не бачу, бо ні разу не выпадковасць – без аніякіх праблемаў цягам 1,5 месяца поўнасцю аднавіць дакументы на дом, якіх не было, г.зн. фактычны ўласнік не меў магчымасці прадаць дом.

— Як ставяцца людзі да вашых працаў?

— Гэта нашая сумесная праца. Мы працуем разам. Цяпер нават суседзі неяк прыхільна адносяцца. З часу, як мы ўстанавілі на парафіяльным доме крыж, мінакі часта затрымліваюцца, каб зрабіць знак крыжа.

На першы погляд, парафія падаецца “немаладой”, але ж пахаванне за 2 гады было толькі адно, у той жа час былі два шлюбы, два хросты. У гэтым годзе будзе ў траўні хрост. Для Каталіцкай Царквы на Магілёўшчыне – някепскі паказальнік.

MINOLTA DIGITAL CAMERA— Вось вы будуеце маленечкі касцёл са старой хаткі, а ў некалькіх дзясяткаў кіламетраў ад Горак гібеюць у Расне руіны, да якіх няма справы ні дзяржаве, ні каталіцкім герархам. Як лічыце, ці няма тут пэўнага сакральнага надлому?

— Расна, Княжыцы, Канічы, Мсціслаў, Свяцілавічы, Чэрыкаў – балючая рана, якая не загоіцца. Але нельга забыць аб тым, што Каталіцкая Царква – гэта перад усім не будынак, а людзі. Нажаль, кошты аднаўлення знішчаных святыняў велізарныя, на дадзены момант – не пад сілу. Што тычыцца менавіта касцёла ў Расне, ён знаходзіцца ў Дрыбінскім раёне, ў якім пастырскае служэнне выконвае святар з Мсціслаўя. Але ці плануюцца хоць нейкія рэстаўрацыйныя працы – не ведаю, нават не ведаю, на чыім балансе знаходзіцца будынак…

— Пабудова каплічкі з нуля – гэта цяжкавыканальная справа?

— Спачатку планавалася, што ўсё вельмі нескладана: зрабіць касметычны рамонт, каб можна было маліцца. Аднак, дзякуючы падтрымцы іншых святароў, мы распачалі грунтоўны рамонт набытага будынку, каб максімальна адаптаваць яго для нашых патрэбаў. Што толькі можам – робім самі, каб зменшыць кошт выдаткаў. У 2014 годзе ў маіх планах было толькі знайсці будынак. Але сапраўды цудоўным чынам нам удалося поўнасцю змяніць дах, паставіць новыя вокны, замяніць праводку, а таксама заліць цэментную сцяжку. Цяпер займаемся ўнутранымі працамі: зрабілі новую сістэму атаплення, тынкуем сцены.

Спадзяёмся да восені скончыць унутраныя працы, каб на парафіяльным фэсце асвяціць новае месца малітвы. Нам дапамагаюць – матэрыяламі, сродкамі, працай, а таксама малітвай. Мы таксама молімся за ахвярадаўцаў нашай парафіі.MINOLTA DIGITAL CAMERA

— Ці няма для святара небяспекі, скіраваўшы ўсе намаганні на пабудову храма, адыйсці ад галоўнага – ад пошуку і прывядзення да Бога новых людзей?

— Шчыра кажучы, адчуваю вялікую небяспеку, што магу ператварыцца ў прараба, а не ў будаўніка. Мы шукаем новых людзей, часам яны нават знаходзяцца, звычайна, гэта моладзь з Горацкай сяльгасакадэміі. Таму ў планах арганізацыя спатканняў для моладзі. Што да свайго ўнутранага стану, дык выйсце толькі ў Госпаду. Ён падкажа і натхніць. Ну і канешне – самаадукацыя, бо заканчэнне семінарыі – гэта не заканчэнне фармацыі святара.

— Што вы будзеце рабіць далей, калі дабудуеце каплічку?

— Гэта будзе няхутка. Калі гэта будзе згодна з воляй Госпада, хацеў бы распачаць завочнае навучанне ў галіне літургікі.

krynica.info

для друку для друку