Святар Уладзімір Шымковіч: “Дзякую Пану Богу за дар паклікання”

IMG_266910 гадоў назад, 14 мая 2005 года, у касцёле Божага Провіду і Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў в. Слабодка Браслаўскага раёна адбыўся абрад пасвячэння ў святары лынтупчаніна, выпускніка Гродзенскай Вышэйшай Духоўнай Семінарыі Уладзіміра Шымковіча. Пасля службы на Пастаўшчыне, Мёршчыне, Глыбоччыне сёння ён шчыруе ў парафіі ў Дуброўне, якая налічвае ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек. Тым не менш малады святар ініцыяваў будаўніцтва касцёла, увасабляе ў жыццё і іншыя свае задумы. Але ў сваіх шматлікіх справах ён ніколі не забывае малую радзіму і дарагіх сэрцу землякоў…

— Уладзімір, успомніце свой абрад пасвячэння ў святары…

— Думаю, што гэта падзея была радаснай і чаканай для ўсіх, хто прымаў у ёй удзел. 14 мая яна адбылася ў в. Слабодка, а 15 мая — у родным касцёле св. Андрэя Апостала ў Лынтупах. Там у дзяцінстве я быў ахрышчаны, там першы раз прыступіў да святой споведзі і прыняў Першую Святую Камунію, а 15 мая 2005 года правёў Першую Святую Імшу. На вялікі жаль, мой тата не дажыў да гэтага дня, але са мной былі мая мама, родныя і блізкія, вернікі лынтупскай парафіі, госці. Я часта вяртаюся ў думках да гэтых падзей, нанова іх перажываю. І не перастаю дзякаваць Пану Богу за дар паклікання да святарства, за гады святарскага служэння.

— Калі і чаму Вы вырашылі пайсці за голасам паклікання да святарства і ўзысці на такую пачэсную, але нялёгкую дарогу святарскага служэння? Хто Вам у гэтым дапамог?

— У школьныя гады я меў магчымасць наведваць касцёл у Лынтупах, маліцца ў касцёле і дома, прымаць удзел у занятках па вывучэнні катэхізіса. І я паступова пачаў адчуваць жаданне паступіць у Духоўную Семінарыю, навучэнцам якой на той час ужо быў мой зямляк Ян Пугачоў, цяперашні пробашч парафіі ў в. Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. Ад яго я даведаўся, якія дакументы неабходна сабраць для паступлення ў Семінарыю, якія здаць экзамены. Свае жаданні і мары я доўгі час насіў у сабе, ніхто пра іх не ведаў, нават бацькі. Але прыйшоў час, калі трэба было сказаць праўду, якой і сам баяўся. Зрабіць гэта аказалася вельмі няпроста. Сёння я дзякую маім бацькам і настаўнікам Лынтупскай школы, на лёс якіх выпала нялёгкае выпрабаванне прыняць маё рашэнне пайсці за голасам паклікання да святарства, праявіць разуменне і падтрымку. Дзякую ксяндзу Чэславу Куцмежу, які дапамог мне распазнаць голас паклікання і напісаў характарыстыку для паступлення ў Семінарыю. Шмат добрых слоў хочацца сказаць і вернікам Лынтупскай парафіі за духоўную і матэрыяльную дапамогу ў час вучобы ў Семінарыі і пасля яе.

— Якім быў для Вас час вучобы ў Духоўнай Семінарыі?

— Вельмі цікавым і карысным, хаця і нялёгкім, таму што на працягу ўсёй вучобы ў Семінарыі цяжка хварэла мая мама, хварэў таксама і мой тата, і гэта акалічнасць дадавала мне шмат перажыванняў і клопатаў. Нават прыйшлося на два гады ўзяць акадэмічны водпуск, каб даглядаць іх. Мае бацькі былі для мяне прыкладам веры ў Бога, малітвы і ўзорам сужэнскага жыцця. Я дзякую Усявышняму за сілы, якія мне даваў, за семінарыйных выкладчыкаў і выхавацеляў, якія дапамаглі мне атрымаць добрую адукацыю і выхаванне.

— Якімі былі вашы першыя крокі служэння?

— Магу сказаць, што тут мне вельмі пашанцавала. Першыя крокі не былі лёгкімі, але шчасце ў тым, што на сваім шляху я сустрэў добрых людзей, якія мяне прынялі і падтрымалі — а гэта вернікі парафіі ў в. Парыж, в. Казлоўшчына і в. Ляхаўшчына Пастаўскага раёна, сярод якіх мне давялося працаваць першыя два гады пасля заканчэння Семінарыі. Шчыра дзякую ім за вельмі добры “старт” майго душпастырскага служэння. У Семінарыі нам часта паўтаралі: менавіта ад яго часта залежыць поспех і ўсяго далейшага бегу.

— Чым запомніліся два гады працы ў парафіі в. Ідолта Мёрскага раёна?

— Найперш добразычлівымі, шчырымі вернікамі. Яны ва ўсім дапамагалі, паважалі мяне і цанілі маю працу. Да парафіі ў Ідолце належаць таксама капліцы ў в. Малое Дзедзіна і в. Забалоцце. Хачу добрым словам успомніць жыхароў гэтых і суседніх вёсак, з якімі мне даводзілася часта сустракацца, размаўляць і вырашаць розныя пытанні. Я вельмі ўдзячны ўсім вернікам гэтай парафіі за іх добрае сэрца, ахвярную працу і гатоўнасць дапамагчы. Гэта быў вельмі шчаслівы час майго святарскага служэння і гаспадарчай працы.

— Яшчэ адзін год вы правялі ў парафіі в. Мосар Глыбоцкага раёна, дзе на працягу многіх гадоў служыў Богу, касцёлу і людзям ксёндз пралат Юзаф Булька. Усе яго ведалі як незвычайнага чалавека і святара, ён пакінуў пасля сябе багатую духоўную спадчыну. Што дала Вам праца на мосарскай зямлі?

— Сапраўды, святой памяці ксёндз пралат Юзаф Булька быў вельмі мудрым і духоўна багатым чалавекам. Мне пашчасціла яму дапамагаць, слухаць яго парады, быць сведкам, як шмат людзей прыязджае ў Мосар, каб убачыць навакольную прыгажосць і паразмаўляць са святаром, які так цудоўна рэалізаваў свае задумы. Шкада, што ў хуткім часе ксёндз Юзаф памёр, і Мосар, можна сказаць, “асірацеў”. Мяне чакала новае месца працы — г. Дуброўна, што на самай мяжы з Расійскай Федэрацыяй.

— Раскажыце нам, калі ласка, пра адметнасці Вашай працы ва ўсходнім рэгіёне…

— Сонца раней узыходзіць, трэба раней прачынацца… А калі сур’ёзна, то працы хапае, нягледзячы на тое, што вернікаў каталіцкага веравызнання на Дуброўшчыне істотна менш, чым у тых парафіях, дзе мне давялося да гэтага часу працаваць. Але патрэба святара ў парафіі адчуваецца. Для мяне адметнай з’яўляецца тая акалічнасць, што пяць гадоў майго святарскага служэння прысвечана якраз працы ў г. Дуброўне, дзе мне давялося займацца яшчэ і справамі будовы новага касцёла ў гонар Маці Божай Фацімскай. Спадзяюся, што ў недалёкім будучым запрашу Вас і ўсіх чытачоў газеты на ўрачыстасць асвячэння новага касцёла на дубровенскай зямлі.

— Ці часта Вы бываеце на Лынтупшчыне?

— Прызнацца, на Лынтупшчыне я вельмі рэдкі госць, адлегласць у 350 км у адзін бок часта пераадольваць нялёгка. Але ведаю і адчуваю, што на радзіме я жаданы госць, што мяне заўсёды чакае ксёндз Павел, усе вернікі парафіі, мае землякі. Я ім вельмі ўдзячны за гэта і часта за іх малюся. Заўсёды з самымі светлымі пачуццямі ўспамінаю сваіх школьных настаўнікаў — класнага кіраўніка А. А. Чалка, таксама Л. Ф. Кавальскую, М. І. Нячаеву, Г. П. Шчыт і іншых, вернікаў з Лынтуп, вёсак Шудаўцы, Свірдуны, Ігнацішкі… Назаўсёды ў маёй памяці і тыя, каго, на жаль, сёння ўжо няма побач.

— З якімі яшчэ думкамі Вы перажываеце юбілей свайго святарства?

— У гэтыя дні мне хацелася б прыгадаць словы з пісьма маёй былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Мацур Наталлі Францаўны, якое я атрымаў з яе рук 25 мая 1996 года, калі быў ужо выпускніком Лынтупскай школы. Вось што яна напісала:

Мілы мой хлопчык!

Я захапляюся табой і тваім выбарам, больш за тое, я ўпэўнена, што ты гэта зможаш. Але пакуль не позна, затрымайся на хвілінку і яшчэ раз падумай, яшчэ раз усё ўзваж, каб пасля не выракацца, не шкадаваць, не збочыць ні на крок з гэтага шляху. Ты на гэта не будзеш мець права, бо гэта Яго шлях, што можа быць страшней? Таму – падумай.

І ўсё ж калі ты станеш на гэту дарогу, памятай, што ў цябе ёсць Мова, Радзіма, Бацькі, Людзі. Усяму гэтаму павінна знайсціся месца ў тваім вялікім, шчырым, добрым сэрцы, бо ў гэтым сэрцы ёсць Бог. І мне вельмі хацелася б , каб у ім знайшлося месца літаратуры, няхай яна будзе для цябе крыніцай роздуму і красамоўя.

Сілаў табе і веры, веры ў тое, што твой шлях правільны. Хай беражэ цябе Бог!

Я вельмі ўдзячны ёй за гэтыя радкі, заўсёды для мяне вельмі дарагія, асабліва ўлічваючы тыя абставіны, што Наталля Францаўна заўчасна пайшла з жыцця…

На заканчэнне нашай размовы хачу прыгадаць словы малітвы, якая была змешчана на маіх прыміцыйных абразіках, якія я раздаваў 15 мая 2005 года ў дзень маёй Першай Святой Імшы ў касцёле ў Лынтупах: “Маці Міласэрнасці, Табе давяраю скарб майго святарства і ўсіх тых, хто дапамог мне дайсці да алтара Твайго Сына…

Гутарыла Іна Сняжкова

для друку для друку