Свята ведаў адзначылі ў Лучаі

luczaj_viedy521 жніўня, у перадапошнюю нядзелю вакацый, лучайская святыня сабрала пад свае скляпенні школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў, бацькоў, каб з Божым бласлаўленнем і малітвай распачаць новы навучальны год.

Перад святой Імшой выстраілася чарга да канфесіяналу, ачысціць свае душы імкнуліся многія прысутныя. Нядзельнае казанне пробашч Мікалай Ліпскі прысвяціў тэме пазнання, ведаў у жыцці кожнага чалавека. Святар зазначыў, што «праз пазнанне праслаўляем Пана Бога». Казнадзей падкрэсліў, што сям’я – першая школа, якая з’яўляецца пачаткам і крыніцай нашага пазнання. Ксёндз працытаваў словы святога Яна Паўла ІІ, што “Вера і розум – як два крылы, на якіх дух чалавечы ўзносіцца да сузірання праўды”.

Падчас працэсіі з дарамі парафіяльная моладзь несла прызы-кубкі, якія атрымала на дыяцэзіяльнай Парафіядзе. Лучайская моладзь дастойна прадставіла парафію ў некалькіх намінацыях. Напрыканцы святой Імшы, усе, хто мае дачыненне да школы, да навукі, атрымалі Божае бласлаўленне і цудоўныя сшыткі з беларускім арнаментам.luczaj_viedy2

Святочны канцэрт, які па словах пробашча, стаў першым урокам ў новым навучальным годзе, быў падрыхтаваны Алесем Лосем і Алесяй Сівохінай. Вядомы музыка, этнограф, прадставіў гледачам старажытныя беларускія інстументы: дуду, скрыпку, цымбалы, гармонік. Цікава распавёў пра гісторыю ўзнікнення, паходжання кожнага з іх, і лекцыю замацаваў самабытнай ігрой. Розныя кампазіцыі: «Віленскі вальс», «Крэўскі вальс», полька «Завілей», «Ойра» прагучалі ў праграме. Пасля выступу, Алесь Лось падзякаваў ксяндзу Мікалаю за традыцыю, якая ўсталявалася ў Лучаі. Музыка зазначыў, што Лучайскі касцёл адзін з нямногіх, дзе так падтрымліваецца беларуская культура.

У сваю чаргу пробашч выказаў удзячнасць выступоўцам, падарыўшы ім на памяць кнігу Папы Францішка «Імя Бога – Міласэрнасць» на беларускай мове, прэзентацыя якой адбылася падчас урачыстасцей у Браславе.

Вялікае ўражанне канцэрт зрабіў на самых малодшых слухачоў, а пасля таго, як сам Алесь Лось даў ім майстар-клас ігры на дудачцы, то, напэўна, гэты дзень стане незабыўным для некаторых з іх. Апошняе летняе свята ў Лучаі атрымалася такім жа цёплым, як і сонечны жнівеньскі дзень, такім незвычайна утульным і душэўным.

luczaj_viedy6

Наступны раз парафія святога Юды Тадэвуша, Апостала, запрашае да ўдзелу ў тытульным фэсце 29 кастрычніка.

Алена Клімза-Колтан, тэкст, luchai.by
Карына і Марыя Радзюш, фота

для друку для друку