“Свята сям’і” прайшло ў Смаргоні

28 мая з нагоды Дня дзіцяці ў Смаргоні адбылося “Свята сям’і”, якое стала ўжо традыцыйным для парафіі св. Міхала Арханёла. Яно рыхтавалася не адзін дзень усёй салезіянскай сям’ёй — святарамі, сёстрамі, супрацоўнікамі, дзяцьмі і моладдзю.

Пасля святой Імшы дзеці разам з бацькамі былі запрошаны на пляцоўку каля касцёла і ў гарадскі парк. Вясёлы клоўн разам з аніматарамі прыцягнулі ўвагу дзяцей цікавым танцам. Яго мог станцаваць кожны. Пасля прывітальных слоў ксяндза Алега Жураўскага SDB, клоўн-вядучы пазнаёміўся з дзецьмі, задаў прысутным пытанне “Што для іх сям’я?”  і, канешне, крыху пажартаваў.

Затым усе удзельнікі свята атрымалі карткі з заданнямі, за якія можна было атрымаць пэўную колькасць балаў.  Неабходна было ўдзельнічаць парамі. Такія гульні як “Дон Боско-арэна”, “Вадзяны снайпер”, “Поле цудаў”, “Паветраная атака”, “Стройка”, “Цырульня” сталі самымі цікавымі і папулярнымі і стварылі чаргу з маленькіх удзельнікаў. Падчас свята дзейнічала фотазона з рознымі рамкамі і плакатамі, дзе сем’і маглі захаваць добрыя моманты на доўгія гады. Стаць крыху прыгажэйшым і больш адметным можна было ў “Салоне прыгажосці”, у якім дзяўчаты-прафесіяналкі распісвалі твары дзяўчынак і хлопчыкаў аквагрымам.

Кульмінацыйным момантам свята быў выхад “анёла” на хадулях, які нібы з неба спусціўся да дзяцей з карзінай цукерак.

Радасны, сямейны настрой быў не толькі ў тых, хто спецыяльна прыйшоў на “Свята сям’і”, але і ў выпадковых мінакоў, якія з радасцю да яго далучаліся. Шмат пазітыўных эмоцый атрымалі ўдзельнікі свята, якое прайшло вельмі хутка і незабыўна, у духу салезіянскай радасці і любові. Пасля таго, як дзеці прайшлі ўсе гульні, па максімальнай колькасці балаў вылучылі трох пераможцаў, якія атрымалі памятныя падарункі.

Напрыканцы сястра Дар’я Еўтухоўская FMA падзякавала дзецям і бацькам за актыўны ўдзел, а таксама правяла малітву з падзякай Богу за добрае надвор’е і цудоўнае свята.

sdb.by

для друку для друку