Свята для жанчын зладзілі ў мінскім араторыі

У араторыі пры салезіянскай парафіі ў Мінску 5 сакавіка адбылося свята, якое было прысвечана жанчынам. Арганізатары дапамаглі дзецям і ўсім удзельнікам звярнуць увагу на прыгажосць жанчыны і яе прыгожае пакліканне да мацярынства, у тым ліку і духоўнага.

Прыкладам гэтага паклікання, канешне, з’яўляецца Маці Божая, якую настойліва заклікаў ушаноўваць св. Ян Боска. Таксама ў малітве дзеці дзякавалі Богу за дар прысутнасці мам, бабуль, сясцёр і сябровак.

Віншавальная праграма прайшла ў араторыі, дзе дзяцей чакалі вясёлыя клоўны. Разам з удзельнікамі свята яны адправіліся ў казачнае падарожжа на цягніку, кожная станцыя была момантам віншавання праз удзел у цікавых гульнях.

На апошняй станцыі «Юныя мастакі» маленькія ўдзелнікі намалявалі цудоўную віншавальную паштоўку для сваіх матуль і бабуль, а адна з удзельніц пажадала прысвяціць мамам спеў.

Дзве важныя думкі засталіся малым і старэйшым вернікам для разважанняў на наступны тыдзень. Першую з іх прапанаваў кс. Аляксандр Мятліцкі SDB падчас святой Імшы: умець выбіраць дабро кожны момант свайго жыцця. Другая думка прагучала на заканчэнне святочнай праграмы: мама любіць кожнага са сваіх дзяцей аднолькава.

sdb.by

для друку для друку