Свяшчэннік ці святар?

kaplan-ksiadz-96986Як правільна казаць па-беларуску: свяшчэннік ці святар? Высокая культура маўлення – неад’емная рыса кожнага інтэлігентнага чалавека. Сёння ў беларускай мове можна пачуць абодва названыя словы. Але што лічыць правільным? Слова святар утворана ад асновы свят— пры дапамозе прадуктыўнага суфікса —ар, што паказвае на асобу, якая займаецца пэўным відам дзейнасці. Параўнаем: друкар, змагар, пекар, уладар і г.д. Як бачна, у нашай мове шмат назоўнікаў, утвораных паводле гэтай мадэлі.

Асабовы назоўнік святар падаецца ў “Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку” Вацлава Ластоўскага (1924 г.): “Священник – сьвятар” (с. 641). Зафіксавана слова і ў “Беларуска-расійскім слоўніку” М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926 г): “Сьвятар – священник” (с. 308). Але падчас татальнай русіфікацыі нашай мовы адметная беларуская лексема фактычна была выцесненая з ужытку. І толькі на мяжы 80-ых – 90-ых гадоў ХХ стагоддзя на хвалі нацыянальнага адраджэння згаданы назоўнік вярнуўся ва ўжытак. Так, “Русско-белорусский словарь” (1993 г.) падае: “Священник – свяшчэннік, поп, святар” (Т. 3, с. 317). Тут жа прыводзіцца і прыметнік святарскі. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (ТСБЛМ, 1996 г.) таксама змяшчае назоўнік святар са значэннем “служыцель культу, які вядзе царкоўныя богаслужбовыя трэбы (хрысціны, вянчанне, паніхіды, споведзь” (с. 592). І, нарэшце, названую лексему фіксуе акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (2012 г., с.749), што канчаткова пацвярджае літаратурны статус назоўніка святар у сучаснай беларускай мове. Таму не варта ўжываць стараславянізм свяшчэннік, бо наша мова мае адметнае, сапраўды беларускае слова, якое шырока выкарыстоўваецца і ў сродках масавай інфармацыі, і ў вусным маўленні. Лексема святар валодае выразнай словаўтваральнай структурай, матываваная прыметнікам святы і істотна ўзбагачае нацыянальна-культурны кампанент беларускай мовы.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку