Святы Пасад запусціў кампанію «Кожны пажылы чалавек – твае бабуля і дзядуля»

Ілюстрацыя да ініцыятывы “Кожны пажылы чалавек – твой дзядуля”

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця абвясціла аб запуску кампаніі «Кожны пажылы чалавек – твае бабуля і дзядуля», каб запрасіць моладзь усяго свету праявіць пяшчоту да асоб старэйшага ўзросту, асабліва ў час пандэміі.

Адпаведнае паведамленне было апублікавана 27 ліпеня 2020 г. У ім выказваецца перакананне, што «захоўваць сацыяльную дыстанцыю не азначае пагадзіцца з наканаванай самотай і пакінутасцю» і што «перамагчы адасобленасць пажылых людзей, няўхільна захоўваючы пры гэтым эпідэміялагічныя нормы, прынятыя ў сувязі з каронавірусам, магчыма».

Аўтары ініцыятывы звяртаюць увагу на тое, што «пандэмія асабліва моцна закранула людзей сталага ўзросту і абрэзала і без таго слабую сувязь паміж пакаленнямі». Тым не менш, «фантазія любові» дапамагла «многім біскупскім канферэнцыям, асацыяцыям і асобным вернікам” знайсці спосаб пераказаць адзінокім пажылым людзям “блізкасць касцёльнай супольнасці».

«Мы атрымлівалі звесткі пра ініцыяваныя маладымі людзьмі кантакты праз тэлефон, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і нават пра серэнады для асоб, якія знаходзяцца ў дамах састарэлых, – усё для таго, каб спыніць самоту многіх людзей, вымушаных з прычыны пандэміі заставацца ў сваіх дамах ці ў дамах адпачынку», — гаворыцца ў дакуменце.

Натхнёныя гэтымі прыкладамі, супрацоўнікі Дыкастэрыі заахвочваюць усіх неабыякавых маладых людзей, захоўваючы эпідэміялагічныя нормы, «віртуальна выходзіць на сувязь з найбольш самотнымі пажылымі людзьмі сваіх жылых раёнаў ці парафій і пераказваць ім абдымкі, як прасіў Папа, праз тэлефонную размову, відэазванок ці выяву», а там, дзе гэта магчыма, або калі дазваляе эпідэміялагічная сітуацыя, наведваць састарэлых людзей асабіста.

У сеціве інфармацыя пра кампанію будзе распаўсюджвацца пад хэштэгам #sendyourhug, а найбольш важныя паведамленні размесцяць у Інстаграм і Твітэр на профілі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

«Мы спадзяёмся, што дзякуючы, у тым ліку, і гэтай кампаніі можна ажыццявіць жаданне Папы Францішка, які ў прадмове да кнігі «Мудрасць часу» напісаў: «Вось чаго б я хацеў: свету, які зазнае новыя абдымкі паміж маладымі і пажылымі»», — гаворыцца ў паведамленні.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку