Старшыня Папскай акадэміі жыцця заклікаў да салідарнасці паміж дзяржавамі падчас пандэміі, выказаў расчараванне выхадам ЗША з СААЗ і анансаваў трэці дакумент па сітуацыі з каронавірусам.
“Міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі аховы здароўя, хоць яны і зрабілі некаторыя памылкі, павінны ўмацоўвацца, а не разбурацца”, — сказаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья ў інтэрв’ю Religion News Service.
Іерарх прызнаў, што каронавірус стварыў хаос у навуковай супольнасці з прычыны супярэчлівых даследаванняў, што прывяло да “бессэнсоўнай палітыкі”. У якасці прыкладу ён прывёў палітыкаў, якія адмаўлялі пандэмію, і сыход ЗША з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Улады Злучаных Штатаў афіцыйна паведамілі пра сваё рашэнне 8 ліпеня 2020 г.
Па словах арцыбіскупа, “мы ўсе перажываем тую ж буру”, якая патрабуе ад нас “маральнага навяртання”, адмовы ад індывідуалізму і эгаізму, якія, на яго думку, толькі спрыяюць распаўсюджванню каронавіруса.
Старшыня Папскай акадэміі жыцця адзначыў, што ад COVID-19 моцна пацярпелі ў тым ліку і краіны з найвышэйшым узроўнем аховы здароўя, такія як ЗША, Вялікабрытанія, Іспанія. Гэта падкрэслівае важнасць раздзялення прыбытку і самой аховы здароўя і неабходнасць пераходу да сістэмы, якая спрыяе самым слабым.
“Мы падпарадкаваліся нашай меркаванай усемагутнасці і нібыта беспрэцэдэнтнаму тэхнічнаму майстэрству”, — заўважыў арцыбіскуп Палья.
Ён адзначыў, што вельмі важным застаецца нашэнне ахоўных масак, дыскусія пра іх набыла палітызаваны характар, асабліва ў ЗША. Ён дадаў, што нашэнне маскі – бачны выраз салідарнасці, знак заклапочанасці здароўем іншых.
“Гэтыя малыя бітвы, гэтыя меркавана важныя сутычкі пагражаюць пройгрышам вайны. Або мы выратуемся ўсе, або ніхто”, — рэзюмаваў іерарх.
Арцыбіскуп таксама анансаваў выхад трэцяга дакумента Папскай акадэміі жыцця па пандэміі. На гэты раз ён будзе арыентаваны на пажылых людзей, якія найбольш пацярпелі ад каронавіруса. У ім, між іншым, будзе звернута ўвага на сітуацыю ў дамах састарэлых, якія для многіх “сталі магіламі”.
“Сапраўдная праблема заключаецца ў тым, што грамадства ў цэлым паняцця не мае, што рабіць з лішнімі 20 гадамі жыцця, якія нам падарылі навука, медыцына і прагрэс”, — лічыць арцыбіскуп Палья.
Два папярэднія дакументы: “Пандэмія і чалавечае братэрства” і “Humana Communitas у эпоху пандэміі” з’явіліся адпаведна 30 сакавіка і 22 ліпеня 2020 г.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку