Святы Пасад супраць разумення аборту як рэпрадуктыўнага права

Святы Пасад заклікае міжнародную супольнасць звярнуць асаблівую ўвагу на неадкладнасць патрэб бежанцаў і мігрантаў у медыцынскіх паслугах.

Пра гэта казаў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных структурах у Жэневе ў ходзе 144-га Пасяджэння Выканаўчага камітэта Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. У парадак дня было вынесена абмеркаванне асобных палажэнняў Праекта Глабальнага Плана дзеянняў на 2019-2023 гг. па садзейнічанні здароўю бежанцаў і мігрантаў.

Падчас свайго выступлення арцыбіскуп Іван Юркавіч падкрэсліў негатыўны ўплыў, які аказвае на здароўе грамадства далейшае прамаруджванне ў задавальненні медыцынскіх патрэб бежанцаў і мігрантаў усёабдымным, справядлівым і ўзгодненым чынам.

На думку іерарха, поспех у дасягненні прыярытэтаў, акрэсленых у Праекце Глабальнага Плана дзеянняў на 2019-2023 гг., “будзе патрабаваць засяроджанай і ўзгодненай увагі і дзейнасці, асабліва з улікам таго, што гэтыя задачы аказваюць надзвычай моцны ўплыў на агульны дабрабыт і на здароўе, фізічнае і псіхічнае, мігрантаў і бежанцаў ва ўсім свеце”.

У якасці прыярытэтных задач дакумент называе зніжэнне паказчыкаў смяротнасці сярод бежанцаў і мігрантаў, спрыянне бесперапыннасці і якасці медыцынскіх паслуг, ажыццяўленне палітыкі ў сферы аховы здароўя з улікам патрэб бежанцаў і мігрантаў, сярод іх асаблівым чынам – жанчын, дзяцей і падлеткаў, падтрыманне інфармацыйнага суправаджэння міграцыйнага пытання і вядзенне барацьбы з ксенафобіяй.

Арцыбіскуп Юркавіч выказаў перакананне, што да працы па дасягненні гэтых задач неабходна залучаць шырокае кола зацікаўленых бакоў, у тым ліку шматлікія грамадскія і рэлігійныя арганізацыі.

Каментуючы праект Дакумента, ватыканскі дыпламат заўважыў, што Святы Пасад глыбока занепакоены ўключэннем у яго змест спасылак на так званыя “рэпрадуктыўныя правы”, паколькі “не разглядае абартыўныя паслугі як меру аховы рэпрадуктыўнага здароўя і не падтрымлівае ніводную форму заканадаўства, якое надае юрыдычную моц аборту”.

Іерарх настойліва заклікаў міжнародную супольнасць выключыць з праекта Дакумента спасылку на так званы “мінімальны пачатковы пакет паслуг”, прапанаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, у сувязі з тым, што ён уключае ў сябе абартыўныя паслугі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку