Святы Пасад: створана спецкамісія па сітуацыі з пандэміяй

У рамках Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека была створана спецыяльныя Камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каронавіруса.

Прэфект ватыканскай структуры, кардынал Пітэр Тарксан, паведаміў у інтэрв’ю “Vatican News”, што аб гэтым папрасіў сам Святы Айцец.

Першая мэта структуры заключаецца ў аказанні падтрымкі мясцовым Касцёлам у ратаванні жыцця людзей, дапамозе самым бедным. Другая – у аналізе эканамічных і сацыяльных наступстваў пандэміі, каб “Касцёл мог стаць надзейнай кропкай апоры для свету, які разгубіўся перад абліччам нечаканай з’явы”.

Камісія дзейнічае ў супрацоўніцтве з Дзяржсакратарыятам, Дыкастэрыяй па камунікацыі, “Caritas Internationalis”, Папскай акадэміяй навук, Папскай акадэміяй сацыяльных навук і Папскай акадэміяй жыцця, Апостальскай элемазінарыяй, Кангрэгацыяй Евангелізацыі Народаў і Ватыканскай аптэкай.

Кардынал Тарксан паінфармаваў, што новая структура складаецца з пяці рабочых груп. Першая працуе ва ўзаемадзеянні з “Caritas Internationalis”, Апостальскімі нунцыямі і мясцовымі Касцёламі для выяўлення неадкладных праблем. Другая – робіць навуковы аналіз сітуацыі і дзейнічае разам з Папскімі акадэміямі. Трэцяя – займаецца інфармаваннем аб зробленай працы. У кампетэнцыю чацвёртай, дзейнасць якой каардынуецца Дзяржсакратарыятам, уваходзяць усе магчымыя ініцыятывы па ўзаемадзеянні з дзяржавамі. Пятая рабочая група займаецца пошукам фондаў.

Ватыканскі прэфект заўважыў, што дзейнасць новай Камісіі падтрымалі традыцыйныя партнёры Дыкастэрыі, сярод якіх Джорджтаўнскі і Патсдамскі ўніверсітэты, Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане, міжнародная арганізацыя “World Resources Institute”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку