Святы Пасад нагадаў пра непарушнасць сакраманту споведзі

Прымус да парушэння таямніцы споведзі – непрымальны і абмяжоўвае свабоду рэлігіі, гаворыцца ў спецыяльным лісце Святога Пасаду. Ён быў абнародаваны 1 ліпеня 2019 г. у Ватыкане.

Дакумент пад назвай “Заўвага Апостальскай Пэнітэнцыярыі пра важнасць унутранай сферы і непарушнасці таямніцы споведзі” быў апублікаваны за подпісам кардынала Маўра Пьячэнцы, Вялікага Пэнітэнцыярыя, і мансеньёра Кшыштафа Нікеля, Рэгента Апостальскай Пэнітэнцыярыі. Папа Францішак зацвердзіў яго 21 чэрвеня 2019 г.

Прадстаўляючы дакумент, кардынал Пьячэнца заўважыў, што ў сучасным “медыйным” грамадстве развіццю тэхналогій і сродкаў камунікацыі “не спадарожнічае аналагічнае імкненне да пошуку праўды”. Мэтай хутчэй з’яўляецца “ліхаманкавае жаданне пашырэння інфармацыі”, у тым ліку прыватнай і канфідэнцыяльнай. На яе падставе фарміруецца меркаванне пра людзей, нярэдка ачарняецца іх добрае імя.

Такі распаўсюджаны падыход адбіваецца таксама на Касцёле, ад якога, “у імя меркаванай карэктнасці і празрыстасці”, патрабуецца ўжыванне прынцыпаў, якія выкарыстоўваюцца ў грамадзянскім праве.

У гэтым кантэксце Апостальская Пэнітэнцыярыя лічыць неабходным падкрэсліць “абсалютную непарушнасць таямніцы споведзі”, якая “заснавана на Божым законе” і не дапускае выключэнняў. Святар пакліканы бараніць таямніцу споведзі не толькі дзеля захавання “вернасці” пэнітэнту, але, у першую чаргу, дзеля павагі да святасці самаго сакраманту споведзі.

У дакуменце падкрэсліваецца розніца паміж таямніцай споведзі і прафесійнай таямніцай, якая абавязвае некаторыя катэгорыі людзей: урачоў, журналістаў, адвакатаў. У гэтых выпадках існуюць выключэнні з агульнага правіла захавання таямніцы. У сваю чаргу таямніца споведзі – гэта “не абавязацельства, навязанае звонку, а неад’емнае патрабаванне сакрамэнту”. Пэнітэнт прамаўляе не да спаведніка-чалавека, але да Бога, а прысваенне сабе таго, што ёсць Божае – блюзнерства.

“Палітычныя дзеянні і заканадаўчыя ініцыятывы, накіраваныя супраць непарушнасці таямніцы споведзі, з’яўляюцца непрымальным нападам на libertas Ecclesiae”, — гаворыцца ў дакуменце.

У лісце Апостальскай пэнітэнцыярыі разглядаюцца таксама маральна-прававыя аспекты дзейнасці, якая тычыцца ўнутранай сферы чалавека і здзяйсняецца па-за сакрамэнтам споведзі. Яе класічны прыклад – духоўнае кіраўніцтва. Кананічнае права прадугледжвае поўную канфідэнцыяльнасць духоўных размоў. Напрыклад, падчас праверкі кандыдата да прыняцця пасвячэння, забаронена пытацца пра якую-небудзь інфармацыю ў спаведнікоў ці духоўных кіраўнікоў.

У апошняй частцы дакумента гаворка ідзе пра іншыя формы таямніцы, якія не тычацца ўнутранай сферы, але звязаны з выкананнем служэння. Заўвага пацвярджае прынцып натуральнага права, якое абавязвае захоўваць таямніцу, за выключэннем выпадкаў, калі гэта можа насеці сур’ёзную шкоду людзям і адзіным спосабам не дапусціць гэтага з’яўляецца раскрыццё праўды. У такой сітуацыі трэба кіравацца прынцыпам братэрскай любові, маючы перад сабой дабро і бяспеку іншых людзей, павагу да прыватнага жыцця і супольнага дабра.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку