Святы Пасад абнародаваў дакумент на тэму гендара

Вокладка дакумента “Стварыў мужчыну і жанчыну”

Дакумент на тэму гендарнага пытання ў сферы адукацыі абнародавала Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі. Плён амаль двухгадовай працы прадставіў яе прэфект, кардынал Джузэпэ Версальдзі.

Дакумент, які атрымаў назву: “Стварыў мужчыну і жанчыну: Шляхам дыялогу адносна гендарнага пытання ў адукацыі”, заахвочвае да дыялогу па пытанні гендара і, усведамляючы “высокую рызыку непаразуменняў і ідэалагічных канфліктаў у гэтай сферы”, прапануе ў якасці найбольш дарэчных метадаў працы “слуханне, абмеркаванне і вылучэнне прапаноў”.

У тэксце адбываецца аналіз гісторыі гендарнага пытання і прапануецца яго хрысціянска-антрапалагічнае бачанне. Кангрэгацыя заахвочвае размяжоўваць гендарную ідэалогію і сферу вывучэння гендарнага пытання. Спасылаючыся на Апостальскую адгартацыю Францішка “Amoris Laetitia”, дакумент нагадвае, што гендарная ідэалогія “адмаўляе адрозненне і натуральную ўзаемадапаўняльнасць мужчыны і жанчыны. Яна паказвае грамадства без палавых адрозненняў і баналізуе антрапалагічныя асновы сям’і”.

У той жа час, дакумент падкрэслівае наяўнасць асобных “элементаў слушнага кансэнсусу” з гендарнай палітыкай. Сярод іх – “павага да кожнага чалавека з яго адметнасцямі і разнастайнасцю ўмоў, (…) каб ніхто не станавіўся аб’ектам булізму, насілля, зняваг і несправядлівай дыскрымінацыі; наданне вартасці жаноцкасці.

Новы дакумент прапануе антрапалагічна-хрысціянскае бачанне, якое разглядае сексуальнасць як сутнасны складнік чалавека, яго спосаб быцця, самавыяўлення, адносін з іншымі людзьмі і праяўлення любові. Сексуальнасць з’яўляецца інтэгральнай часткай працэсу чалавечага развіцця і адукацыі, сцвярджаецца ў дакуменце.

Тэкст будзе распаўсюджаны сярод нацыянальных біскупскіх канферэнцый для далейшай перадачы ў каталіцкія адукацыйныя структуры, рэлігійныя інстытуты, асацыяцыі вернікаў, хрысціянскія сем’і і іншыя структуры, залучаныя ў сферу адукацыі ў духу хрысціянскай веры.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку