Святы, які курыў люльку: блаславёны Пётр Фрасацці (1901–1924)

За сваё нядоўгае, але вельмі багатае на падзеі жыццё, Пётр паспеў неаднаразова пабываць за кратамі. І хоць гэта не былі доўгія турэмныя тэрміны, аднак факт застаецца фактам. Кароткія затрыманні не былі вынікам моладзевай бязглуздасці або хуліганскага характару хлопца. Наадварот, яны сведчылі пра яго актыўную грамадзянскую пазіцыю: паліцыя затрымлівала Пятра на дэманстрацыях супраць новага ў Італіі руху фашыстаў.

Дар веры Пётр атрымаў ад сваіх выхавальнікаў і нянек. Яны, простыя людзі, хлопцу практычна з інтэлігентнай або нават арыстакратычнай сям’і перадалі Добрую Навіну пра Збаўцу. Бацька будучага святога, адукаваны, паважаны чалавек, заснавальнік і выдавец агульнарэспубліканскай газеты, сенатар, пасол быў атэістам, а маці – прадстаўніца творчай багемы, мастачка – мала цікавілася справамі веры.

Ужо ў маленстве Пётр быў хлопчыкам незвычайным. З аднаго боку, яго пераследавалі нездавальняльныя вынікі ў навуцы. Вучоба не давалася настолькі, што двойчы (!) яму давялося заставацца на другі год. Пошукі адпаведнай школы для Пятра змусілі бацькоў аддаць яго на выхаванне езуітам. Менавіта там Пётр з падказкі аднаго з айцоў стаў больш маліцца і штодзённа прымаць Св. Камунію.

З іншага боку, Пётр вызначаўся неверагоднай уражлівасцю на пакуты іншага чалавека. Яшчэ будучы малым, ён, не вагаючыся, здымаў з сябе сандалікі ці калготкі, калі бачыў на вуліцы Турына, свайго роднага горада, бедную дзяўчынку.

Будучы студэнтам, Пётр, здавалася, не вылучаўся ад сваіх равеснікаў. Ён вельмі любіў жыццё ва ўсіх яго праявах. Лічыў, што вера павінна перадавацца праз радасць. Актыўна займаўся горным турызмам, быў чальцом розных моладзевых і рэлігійных суполак. Як мы адзначылі раней, ён не баяўся паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. На здымках яго часта можна ўбачыць з люлькай у зубах. Як і ўсё яго пакаленне, якое не ведала пра шкоду курэння, любіў люльку з тытунём і сігары. Як кажа яго пляменніца Ванда, сёння ён бы стаў сімвалам здаровага жыцця і абавязкова кінуў бы курыць.

Была ў жыцці Пятра таямніца, якая аб’явілася ў дзень яго пахавання. Ён быў настолькі добрым і набожным чалавекам, што бацькі не маглі паверыць, адкуль прыходзяць гэтыя людзі, каб развітацца з іх сынам. На імя бацькоў Пятра прыйшлі сотні спачувальных тэлеграм з розных прытулкаў, якім дапамагаў будучы святы. Нават ведаючы пра яго хобі дапамагаць, ніхто і ўявіць не мог, які размах мела дабрачынная дзейнасць Пятра. Аказалася, што ён большасць свайго часу праводзіў у мікрараёнах Турына, куды ніводзін чалавек, які сябе паважаў, стараўся не заходзіць.

Пётр памёр так, як і жыў. У шпіталі ў апошнія хвіліны перад смерцю ад хваробы, якой заразіўся ад сваіх падапечных, Пётр ужо амаль спаралізаванай рукой напісаў адрас чалавека, катораму прасіў перадаць неабходныя лекі. Таму няма чаго і дзівіцца, што такіх пахаванняў, з удзелам тысяч людзей, Турын не бачыў даўно. А як можа быць інакш, калі хаваюць святога чалавека!

а. Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца

для друку для друку