Святы Айцец заклікаў не злоўжываць міласэрнасцю Бога

Магчымасць навяртання не з’яўляецца неабмежаванай, таму неабходна скарыстацца ёй неадкладна, інакш яна будзе страчана назаўсёды, падкрэсліў Папа перад малітвай “Анёл Панскі” 24 сакавіка 2019 г.

“Евангельскае чытанне на трэцюю нядзелю Вялікага посту (пар. Лк 13,1-9) кажа нам пра міласэрнасць Бога і наша навяртанне. — заўважыў Пантыфік. — Езус распавядае прыпавесць пра бясплодную смакоўніцу. Адзін чалавек пасадзіў смакоўніцу ў сваім вінаградніку і з вялікім спадзяваннем прыходзіў шукаць плоду на ёй кожнае лета, але не знаходзіў, бо дрэва было бясплодным. Расчараванне, якое паўтаралася на працягу трох гадоў, падштрухнула яго ссячы смакоўніцу, каб пасадзіць іншую.

Ён паклікаў селяніна, які быў у вінаградніку, выказаў яму сваю незадаволенасць і загадаў ссячы дрэва, каб не займала дарэмна зямлю. Але вінаградар просіць гаспадара мець цярплівасць і ўгаворвае пакінуць смакоўніцу яшчэ на адзін год, на працягу якога ён сам будзе агарняць яе самым уважлівым і далікатным клопатам, каб дапамагчы ёй прынесці плод. Вось такая прыпавесць. Пра што яна кажа нам? Што сімвалізуюць галоўныя героі гэтай прыпавесці?

Гаспадар тут з’яўляецца вобразам Бога Айца, а вінаградар – Езуса, у той час як смакоўніца – гэта сімвал чалавецтва, абыякавага і чэрствага. Езус заступаецца перад Айцом за чалавецтва – і робіць гэта заўсёды, — Ён просіць Бога пачакаць, даць яшчэ час, каб маглі саспець плады любові і справядлівасці.

“Смакоўніца, якую гаспадар з прыпавесці хоча ссячы, сімвалізуе бясплоднае існаванне, няздольнае да дару, няздольнае рабіць дабро.”

Гэта вобраз чалавека, які жыве для самога сябе, насычаны і бестурботны, які камфортна прымасціўся, які няздольны скіраваць позірк і сэрца да людзей, што знаходзяцца побач з ім і перажываюць цярпенні, беднасць, нястачу. Такому стаўленню, пазначанаму эгаізмам і духоўнай бясплоднасцю, супрацьпастаўляецца вялікая любоў вінаградага да смакоўніцы: ён мае цярплівасць, здольны чакаць, прысвячае ёй свой час і сваю працу. Абяцае гаспадару агарнуць асаблівым клопатам няшчаснае дрэва.

Гэта падабенства вінаградара паказвае міласэрнасць Бога, Які пакідае нам час для навяртання. Мы ўсе маем патрэбу ў навяртанні, у тым, каб зрабіць крок наперад, а Божая цярплівасць, міласэрнасць, суправаджае нас у гэтым.

“Нягледзячы на бясплоднасць, якая часам пазначае наша жыццё, Бог мае цярплівасць і дае нам магчымасць змяніцца, ісці наперад па шляху дабра.”

Але адтэрміноўка, патрабаваная і дадзеная, з надзеяй на тое, што дрэва нарэшце прынясе плод, указвае таксама на тэрміновасць навяртання. Вінаградар кажа гаспадару: “Пане, пакінь яе на гэты год”. Магчымасць навяртання не з’яўляецца неабмежаванай; таму неабходна скарыстацца ёй неадкладна; інакш яна будзе страчана назаўсёды. На працягу гэтага Вялікага посту мы можам падумаць: што я павінен зрабіць, каб больш наблізіцца да Пана, каб пакаяцца, каб адмовіцца ад нядобрага. Мы можам сказаць: “Не, я пачакаю да наступнага Вялікага посту”. А ці дажывеш да наступнага Вялікага посту? Няхай кожны з нас сёння падумае: што я павінен зрабіць перад абліччам гэтай міласэрнасці Бога, Які мяне чакае і заўсёды прабачае. Што я павінен зрабіць?

“Мы можам моцна спадзявацца на міласэрнасць Бога, але не можам злоўжываць ёй. Мы павінны не займацца апраўданнем духоўнай ляноты, але павялічыць нашы высілкі, каб неадкладна адказаць на гэту міласэрнасць з шчырым сэрцам.”

У час Вялікага посту Пан заклікае нас да навяртання. Кожны з нас павінен адчуць гэты заклік, выпраўляючы штосьці ў сваім жыцці, у ходзе сваіх думак, учынкаў, жыцця адносінамі з бліжнім. У той жа час, мы павінны наследаваць цярплівасць Бога, Які давярае здольнасці ўсіх на тое, каб “узняцца” і зноў распачаць шлях. Бог – Айцец і Ён не гасіць слабы агонь, але суправаджае і агарняе клопатам таго, хто слабы, каб мог стаць мацней і зрабіць свой унёсак любові ў грамадства. Няхай Панна Марыя дапаможа нам перажыць гэтыя дні падрыхтоўкі да Пасхі, у якасці часу духоўнага абнаўлення і даверлівай адкрытасці на ласку і міласэрнасць Бога”.

Пасля марыйнай малітвы Папа Францішак звярнуўся да сабраных на плошчы св. Пятра з некалькімі заклікамі, а потым удзяліў усім сваёй апостальскае благаслаўленне.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку