Святы Айцец ухваліў дэкрэты: сярод благаслаўлёных – малады інтэрнаўт

21 лютага 2020 года Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, кардынала Анджэла Бэчу, і ўхваліў публікацыю дэкрэтаў па беатыфікацыйных і кананізацыйных працэсах.

Першыя тры дакументы тычацца прызнання цудаў, здзейсненых праз заступніцтва: бл. Лазара, вядомага як Дэвасахаям, індыйскага свецкага верніка, мучаніка, забітага з нянавісці да веры ў 1752 годзе; бл. Марыі Франчэскі ад Езуса (свецкае імя: Анна Марыя Рубата), італьянскай манахіні, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Капуцынак з Лаана, памерлай у 1844 г. ва Уругваі; Слугі Божага Карла Акуціса, італьянскага свецкага верніка, памерлага ў 2006 годзе ва ўзросце 15 гадоў, вядомага дзякуючы сваім надзвычайным здольнасцям у галіне інфарматыкі, якія ён выкарыстоўваў на карысць Каталіцкага Касцёла, прапаведуючы Евангелле на інтэрнэт-прасторах і ў сацыяльных сетках.

Пантыфік ухваліў абнародаванне дэкрэту аб прызнанні мучаніцтва трох Слуг Божых: сальвадорскага езуіта, кс. Руціліа Грандэ Гарсіі, і двух яго паплечнікаў, свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў 1977 годзе.

Яшчэ чатыры дэкрэты тычацца прызнання гераічнасці цнотаў трох італьянскіх святароў: кс. Эміліа Вэнтурыні, заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр Служак Марыі Балеснай; памерлага ў 1905 годзе, і кс. Піра Скавіцы, памерлага ў 1964 годзе; а. Эміліа Рэк’я, з манаскай кангрэгацыі Стыгматаў Нашага Пана Езуса Хрыста, памерлага ў 1969 годзе; а таксама чылійскага свецкага верніка Марыё Ірыярта Пуліда, памерлага ў 1964 годзе ў ЗША.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку