Святы Айцец сустрэўся з Прэзідэнтам Дэмакратычнай Рэспублікі Конга

17 студзеня 2020 года Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Фелікса Чысекедзі.

Пасля сустрэчы з Пантыфікам адбылася размова палітыка з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

У ходзе шчырых перамоў адзначаліся добрыя двухбаковыя адносіны, якія існуюць паміж Апостальскай Сталіцай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, выказавалася задавальненне ў сувязі з ратыфікацыяй Рамачнага пагаднення паміж Святым Пасадам і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга па пытаннях, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс. Адзначаўся ўнёсак Каталіцкага Касцёла ў дэмакратычны працэс і спрыянне супольнаму дабру афрыканскай краіны, асабліва ў сферы адукацыі і аховы здароўя.

Бакі абмеркавалі актуальную сітуацыю ў Конга, асабліва ў яе ўсходніх правінцыях, насельніцтва якіх пакутуе з-за пастаянных узброеных канфліктаў і пашырэння віруса Эбола. Нарэшце, была падкрэслена неабходнасць каардынацыі і супрацоўніцтва на нацыянальным і міжнародным узроўнях, з мэтай абароны годнасці чалавека і спрыяння мірнаму грамадзянскаму суіснаванню, у першую чаргу, са шматлікімі бежанцамі і перасяленцамі, якія маюць надзвычайную патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, паведамляецца ў спецыяльным камюніке Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку