Святы Айцец: спакуса ўзнікае не імгненна – яна вынік працэсу

Калі нас перамагае спакуса, мы супакойваемся, бо знаходзім апраўданне граху і жыццю, якое не адпавядае Божым законам, — заўважыў Папа Францішак 4 красавіка 2020 г. у гаміліі падчас ранішняй св. Імшы.

Папа пракаментаваў літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (11, 45-57), у якім апавядаецца пра Высокую раду першасвятароў і фарысеяў і рашэнне забіць Езуса. Ён патлумачыў, што неспакой сярод кніжнікаў узнік даўно, “бо ў краіне адбываліся дзіўныя рэчы”: спачатку прапаведаваў Ян Хрысціцель, затым з’явіўся Езус, якога слухаў і за якім ішоў народ.

Фарысеі баяліся далейшага ходу падзей: што ўсе павераць у Езуса. На іх думку, гэта магло мець палітычныя наступствы, бо раней была знойдзена пэўная раўнавага з рымлянамі, а цяпер яна магла быць парушана: “прыйдуць рымляне і знішчаць месца нашае і наш народ. Таму вырашылі забіць Езуса, бо, лічылі, карысней “каб адзін чалавек памёр за людзей, чым каб увесь народ загінуў”.

Папа падкрэсліў, што такім жа чынам спакуса развіваецца ў нас: пачынаецца з нечага нязначнага, з ідэі, якая паступова расце, заражае іншых і знаходзіць сабе апраўданне. Калі спакуса нас перамагае, мы супакойваемся, знаходзім апраўданне граху і жыццю не ў адпаведнасці з Божым законам. Спакуса рэдка ўзнікае імгненна, таму што д’ябал каварны і ўмее распачынаць працэсы, падобныя да тых, якія прывялі да асуджэння Езуса.

Папа падкрэсліў, калі трапляем у грэх, мы павінны спачатку папрасіць прабачэння ў Пана, але потым правесці аналіз, зрабіць рахунак сумлення. Трэба зразумець, з чаго ўсё пачалося, каго мы заразілі сваімі ідэямі і якія апраўданні знайшлі для свайго падзення.

“Няхай Святы Дух асвеціць нас у гэтым духоўным пазнанні”, — пажадаў Пантыфік на заканчэнне гаміліі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку