Святы Айцец наведаў цэнтр для бежанцаў у Сафіі

Другі дзень падарожжа Папы Францішка ў Балгарыю пачаўся з візіту ў цэнтр для бежанцаў “Ураждэбна”. Ён быў адкрыты ў 2013 г. на аднайменнай ускраіне Сафіі.

Раніцай 6 мая 2019 г. Пантыфік прыбыў на тэрыторыю структуры. Яго сустракаў дырэктар цэнтра і кіраўнік балгарскага “Caritas”. З прывітальным словам да Папы звярнуўся адзін з валанцёраў, затым дзеці праспявалі яму спеў і падарылі свае малюнкі.

Папа Францішак паразмаўляў з групай з пяцідзесяці бежанцаў, сем’яў з дзецьмі, пераважна з Сірыі і Іраку. “Сёння свет мігрантаў і бежанцаў з’яўляецца крыжам, крыжам чалавецтва, крыжам вялікай колькасці людзей, якія пакутуюць”, — сказаў ён.

Цэнтр для бежанцаў “Ураждэбна” з’яўляецца адной з трох дабрачынных структур для бежанцаў у балгарскай сталіцы. На цяперашні час у іх прабывае каля 2 тыс. чалавек. Бежанцамі апякуюцца міжнародныя і мясцовыя няўрадавыя арганізацыі, у тым ліку каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Caritas”.

Пасля візіту ў цэнтр для бежанцаў Папа Францішак накіраваўся ў міжнародны аэрапорт Сафіі, адкуль вылецеў у Ракаўскі. Тут ён будзе цэлебраваць св. Імшу, падчас якой удзеліць першую св. Камунію 250 дзецям з усёй Балгарыі. Затым Папа сустрэнецца з каталіцкай супольнасцю св. Міхала Арханёла. Па вяртанні ў Сафію, на сталічнай плошчы Незалежнасці, ён памоліцца аб міры ў прысутнасці прадстаўнікоў розных веравызнанняў, прысутных у Балгарыі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку