Святы Айцец: кожны з нас носіць у сабе малога Юду

Папа пракаментаваў фрагмент Евангелля Вялікай серады (Мц 26, 14-25), якое апавядае пра здраду Юды, што прадаў свайго Настаўніка. Служыць адначасова Богу і грашам – немагчыма, — падкрэсліў ён.

Францішак нагадаў пра існаванне гандлю людзьмі ў наш час. “Ёсць Юды, якія прадаюць сваіх братоў і сясцёр, эксплуатуюць іх на працы, не плацяць сумленную зарплату, не прызнаючы сваіх абавязкаў… Больш за тое, яны часта прадаюць самае дарагое. Я думаю пра сітуацыі, калі чалавек, дзеля сваёй зручнасці, можа прыбраць бацькоў, аддаць іх у дом састарэлых і потым не наведваць іх. Існуе вядомая прымаўка, якая кажа пра такіх людзей: “Ён мог бы прадаць уласную маці”, — нагадаў Святы Айцец.

Папа працытаваў вядомыя словы Езуса: “Не можаце служыць Богу і мамоне” (Лк 16, 13), і адзначыў, што служэнне Богу дае вольнасць, а грашам – рабства.

“Многія хочуць служыць і Богу, і грашам. Аднак гэтага зрабіць немагчыма. У рэшце рэшт такія людзі робяць выгляд, што служаць Богу, каб служыць грашам. Гэта схаваныя эксплуататары: сацыяльна бездакорныя, яны гандлююць пад сталом, нават людзьмі: ім усё роўна”, — падкрэсліў Францішак.

Затым Святы Айцец задумаўся пра прычыну здрады Юды, падкрэсліўшы яго сквапнасць і слабасць характару. Езус паклікаў Іскарыёта ў групу апосталаў, але ён быў прывязаны да грошай: той, хто любіць грошы, занадта шмат падманвае.

“Давайце падумаем пра шматлікіх інстытуцыяналізаваных Юдаў у гэтым свеце, якія эксплуатуюць людзей. Давайце таксама падумаем пра маленькага Юду, якога кожны з нас носіць у сабе ў час выбару: паміж вернасцю і здзелкай. Кожны з нас здольны на здраду, продаж і рашэнне на ўласную карысць. Кожнага з нас можа захапіць любоў да грошай, рэчаў і будучага дабрабыту. Я задаю кожнаму з нас пытанне: “Ты, Юда, малы Юда ўва мне: дзе ты?”, — завяршыў гамілію Папа.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі