Святы Айцец даў інтэрв’ю агенцтву “Reuters”

Роля жанчын у Касцёле, ватыканскія рэформы, дыялог з Кітаем – некаторыя тэмы вялікага інтэрв’ю, якое Папа даў інфармацыйнаму агенцтву “Reuters”.

Першае пытанне журналіста Філіпа Пулелы тычылася збліжэння паміж Апостальскай Сталіцай і Кітаем. Святы Айцец заўважыў, што з аптымізмам глядзіць у гэтым кірунку, падкрэсліўшы, што кітайцам, мудраму народу з багатай культурай, уласціва цнота цярплівасці.

“Мы знаходзімся на добрай дарозе, але адносіны з Кітаем развіваюцца трыма шляхамі”, — сказаў Папа. Першы – гэта шлях афіцыйных адносін, які прадугледжвае абмен адпаведнымі дэлегацыямі, што праводзяць сумесныя пасяджэнні. Другі шлях ён ахарактарызаваў як дыялог “усіх з усімі”, які вядзецца праз адкрытыя, але перыферыйныя каналы, і міжчалавечыя стасункі.

“Трэці і найважнейшы для мяне – гэта шлях культуры. Ёсць святары, якія працуюць у кітайскіх універсітэтах. Адбываецца культурны абмен, напрыклад выставы, якія былі арганізаваны ў Ватыкане і Кітае. Гэта традыцыйны шлях, падобны на шлях вялікіх асобаў, як Матэа Рычы”, — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што дыялог заўсёды прадугледжвае пэўныя рызыкі, але ён аддае “перавагу рызыцы, чым гарантаванай паразе, якой з’яўляецца адсутнасць дыялогу”.

Яшчэ адно пытанне, якое ўздымалася падчас інтэрв’ю, тычылася ролі жанчын у Касцёле і магчымасці таго, каб яны займалі адказныя пасады ў Рымскай курыі. “Я згодны, што іх павінна быць больш”, — прызнаўся Папа і распавёў, што прызначэнне жанчыны віцэ-кіраўніком Залы Друку Апостальскай Сталіцы каштавала яму немалых высілкаў.

“Сярод кандыдатаў на пасаду прэфекта Сакратарыята па камунікацыі таксама была жанчына, але яна не пагадзілася па прычыне іншых абавязкаў”, — сказаў Пантыфік і дадаў, што ў прыняцці падобных рашэнняў неабходна кіравацца крытэрыем якасці.

Святы Айцец перакананы, што ўклад жанчын, з іх выключным бачаннем рэчаў і жыцця, з’яўляецца фундаментальным, незалежна ад таго ці яны свецкія, ці кансэкраваныя асобы. “Жанчыны лепш умеюць вырашаць канфлікты. У гэтых справах яны больш здатныя. Думаю, што так было б і ў Курыі, хоць нехта сцвярджае, што было б больш плётак. Я не пагаджуся, бо і сярод мужчын ёсць пляткары”, — сказаў ён.

Папа падкрэсліў, што рашуча выключае магчымасць жаночага святарства. “Ян Павел ІІ быў выразным у гэтым пытанні. Ён зачыніў дзверы і я не маю намеру вяртацца да гэтага”, — сцвердзіў Францішак.

Каментуючы сітуацыю з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле ў Чылі Святы Айцец не хаваў свайго болю. “Мне не падабаецца казаць пра гэта зараз, але я павінен сказаць. Возьмем статыстыку. Большасць злоўжыванняў здзяйсняецца ў сямейным асяроддзі, у гарадскіх кварталах, школах, спортзалах… І ў Касцёле хтосьці можа сказаць, што такіх святароў няшмат, але нават калі б быў адзін, гэта ўжо трагедыя, бо абавязак гэтага святара – прывесці чалавека да Бога, а ён знішчыў шлях, які вядзе да Бога”, — заўважыў Папа.

Святы Айцец з жалем прызнаў, што раней у Касцёле не было глыбокага ўсведамлення праблемы і адбываліся перамяшчэнні вінаватых з аднаго месца ў іншае. Ён адзначыў, што адпаведны ўрок атрымаў і Ян Павел ІІ, у сувязі з сітуацыяй у ЗША, і Бэнэдыкт XVI, у сувязі з сітуацыяй у Ірландыі. Францішку выпаў крызіс у Касцёле ў Чылі, дзе ён не выключае, што задаволіць чарговыя просьбы аб адстаўцы, скіраваныя мясцовымі біскупамі.

Гаворачы аб феномене міграцыі, Святы Айцец падкрэсліў, што “папулізм не з’яўляецца рашэннем праблемы”. Ён звярнуў увагу на сітуацыю “вялікай дэмаграфічнай зімы” ў Еўропе, у той час калі вялікая колькасць людзей прыбывае, просячы аб дапамозе.

На думку Папы, акрамя прыняцця бежанцаў, неабходна інвеставаць у бедныя краіны, асабліва ў Афрыку, ствараючы працоўныя месцы, каб у корані прадухіліць масавую міграцыю. “Але стварэнне псіхозу ніколі не будзе лекам” для пераадолення міграцыйнага крызісу. “Папулізм нічога не вырашае! Вырашае гасціннасць, даследванні, упарадкаванне і разважлівасць”, — сказаў ён і дадаў, што кожная дзяржава павінна спрыяць вырашэнню праблемы ў сілу сваіх магчымасцяў.

Францішак выказаў задавальненне ходам рэфармавання Рымскай курыі, якая пастаянна знаходзіцца пад пагрозай з боку розных “хваробаў”, ад якіх трэба навучыцца бараніцца. У той жа час ён прызнаўся ў сваёй удзячнасці шматлікім “курыяльным святым” за іх працу.

Апошняе пытанне тычылася перспектыў Касцёла. “Будучыня Касцёла – на вуліцы, у дарозе. Вядома, што таксама ў адарацыі, малітве, у святынях, але трэба выходзіць, бо мы часта трымаем Хрыста зачыненым. Касцёл, які выходзіць вонкі, можа трапіць у здарэнне, але закрыты Касцёл пачынае хварэць. Выходзіць, выходзіць са сваім пасланнем – вось будучыня”, — перакананы Папа.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку