Святы Айцец адзначае Дзень нараджэння

17 снежня 2018 года Папа Францішак адзначае сваё 82-годдзе. У гэты дзень ён атрымлівае віншаванні ад кіраўнікоў дзяржаў, рэлігійных лідэраў, прадстаўнікоў свету навукі, мастацтва і тысяч людзей з усяго свету.

Па традыцыі свае віншаванні Пантыфіку скіравала старажытная рымская кандытарская “Hedera”, супрацоўнікі якой перадалі ў Ватыкан спецыяльны торт з індыйскім манга, упрыгожаны выявай Папы ў атачэнні моладзі. Такое аздабленне стала выразам падзякі за клопат аб маладых пакаленнях і напамінам пра вялікія падзеі ў жыцці Касцёла: Сінод Біскупаў, які прайшоў у кастрычніку, і Сусветныя дні моладзі, якія распачнуцца праз месяц у Панаме.

Святы Айцец заўсёды адзначае свой Дзень нараджэння ў сціплай і простай атмасферы. Па яго ўласным прызнанні ў гэты дзень ён асабліва думае пра сваіх бацькоў, бабулю, братоў і сястру.

Як і ў папярэднія гады ў Ватыкане не было запланавана ніякіх спецыяльных мерапрыемстваў. Раніцай Папа цэлебраваў Эўхарыстыю ў капліцы Дома св. Марты, а затым прыняў на аўдыенцыі некалькі грамадскіх дзеячаў, праваабаронцаў і біскупаў.

Сёлетні Дзень нараджэння для Францішка стаў ужо шостым на Пасадзе св. Пятра. У мінулым годзе ў гэты дзень Папа сустрэўся з дзецьмі з ватыканскага Дыспансэра св. Марты. Годам раней – з нагоды свайго 80-гадовага юбілею – ён запрасіў на святочнае снеданне ў сваю рэзідэнцыю некалькі бяздомных, а затым паразмаўляў па “Skype” з вязнямі турмы ў Падуі. Святкуючы 79-годдзе, ён сустрэўся з прадстаўнікамі дзіцячага крыла руху “Каталіцкая акцыя”. З нагоды Дня нараджэння Папы ў 2014 г. сотні людзей танцавалі танга на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 17 снежня 2013 г. Пантыфік цэлебраваў Эўхарыстыю разам з групай бедных, з якімі потым паснедаў у сваёй рэзідэнцыі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку