Святы Айцец абвясціў дзве малітоўныя ініцыятывы

«На пандэмію віруса мы адкажам пандэміяй малітвы», — сказаў Папа пасля малітвы “Анёл Панскі”, якую правёў 22 сакавіка з бібліятэкі Апостальскага палацу ў Ватыкане.

“У гэтыя выпрабавальныя дні, калі чалавецтва дрыжыць ад пагрозы пандэміі, я хачу запрасіць усіх хрысціянаў аб’яднаць свае галасы, звяртаючыся да нябёсаў. Я запрашаю ўсіх кіраўнікоў цэркваў і старшыняў усіх хрысціянскіх супольнасцей, разам з усімі хрысціянамі розных канфесій, упрошваць Усявышняга, Усемагутнага Бога, адгаворваючы адначасова малітву, якую навучыў нас Езус, наш Пан. Запрашаю ўсіх рабіць гэта шмат разоў на працягу дня, але і разам сказаць «Ойча наш» у наступную сераду, 25 сакавіка, апоўдні. У гэты дзень, калі многія хрысціяне адзначаюць Звеставанне Найсвяцейшай Панны Марыі, Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына, няхай Пан пачуе аднадушную малітву ўсіх сваіх вучняў, якія рыхтуюцца святкаваць перамогу Уваскрослага Хрыста.

Далей Папа сказаў, што “ў тым самым намеры” у пятніцу, 27 сакавіка, у 18 гадзін ён будзе старшынстваваць малітве перад базылікай Святога Пятра. Пустой плошчы. “Ужо сёння запрашаю ўсіх духоўна прыняць у ёй удзел праз сродкі масавай інфармацыі. Выслухаем Слова Божае, узнімем нашы ўпрошванні, памолімся ля Найсвяцейшага Сакраманту, з якім напрыканцы ўдзялю благаслаўленне “Urbi et Orbi”, падчас якога будзе магчыма атрымаць поўны адпуст.

На пандэмію віруса мы хочам адказаць пандэміяй малітвы, спачування пяшчоты. Будзем аб’яднанымі. Пакажам нашу блізкасць да самотных і самых выпрабаваных людзей”, — сказаў Папа Францішак.

На канец Святы Айцец выказаў сваю салідарнасць з харвацкім народам, які 22 сакавіка, раніцай, пацярпеў ад землятрусу.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку