Святы Айцец абнародаваў пасланне на Сусветны дзень місій

Усе мы – гэта місія ў свеце, таму што кожны з’яўляецца плёнам Божай любові, падкрэсліў Папа Францішак у пасланні на 93-ці Сусветны дзень місій, які Касцёл адзначыць 20 кастрычніка.

Дакумент пад назвай “Ахрышчаныя і пасланыя: Хрыстовы Касцёл на місіі ў свеце”, быў апублікаваны 9 чэрвеня 2019 года.

Пасланне пачынаецца са згадкі пра абвешчаны ў Касцёле Надзвычайны місійны месяц, які пройдзе ў кастрычніку 2019 года і, такім чынам, адзначыць стагоддзе апублікавання Апостальскага ліста “Maximum illud” папы Бэнэдыкта XV (30 лістапада 1919).

Папа Францішак прызнаецца, што прароцкая дальнабачнасць яго папярэдніка пераконвае ў тым, “наколькі яшчэ і сёння важна абнаўляць місійную руплівасць Касцёла, перакваліфікоўваць у евангельскім значэнні яго місію абвяшчэння і нясення свету збаўлення Езуса Хрыста, памерлага і ўваскрослага”.

Назва дакумента цалкам паўтарае дэвіз Надзвычайнага місійнага месяца. Пантыфік выказаў надзею, што “святкаванне гэтага месяца дапаможа адшукаць місійны сэнс нашай прыналежнасці да веры ў Езуса Хрыста, веры, задарма атрыманай як дар у сакрамэнце хросту”.

Нашая сыноўская прыналежнасць да Бога – ніколі не індывідуальная, але заўсёды эклезіяльная справа, сцвярджае Папа Францішак у пасланні.

“Боскае жыццё – не прадукт для продажу (не займаемся празелітызмам), але багацце, прызначанае для дарэння, перадачы, абвяшчэння: вось сэнс місіі. Задарма атрымалі гэты дар і задарма павінны яго даваць (пар. Мц 10, 8), нікога не выключаючы”

, — перасцерагае ён.

Папа ў чарговы раз паўтарае, што “Касцёл у руху ажно да самых крайніх межаў мае патрэбу ў нязменным і пастаянным місійным навяртанні”, і цытуе заклік “Maximum illud” – “Няхай жа чалавек Божы прапаведуе Бога”. Па яго словах, гэты наказ непасрэдна датычыць кожнага ахрышчанага. “Ніхто не марны і не нязначны для Божай любові. Усе мы – гэта місія ў свеце, таму што кожны з’яўляецца плёнам Божай любові”, — падкрэслівае Святы Айцец.

Вялікай пагрозай для місійнай дзейнасці Пантыфік называе шырока распаўсюджаны секулярызм, які, калі адмаўляе дзейснае айцоўства Бога ў нашай гісторыі, перашкаджае любому аўтэнтычнаму і ўніверсальнаму братэрству. Без Езуса Хрыста любое адрозненне зводзіцца да пякельнай пагрозы, робячы немагчымым братэрскую гасціннасць і плённае адзінства чалавецтва, перасцерагае Францішак.

У пасланні Папа нагадвае, што Надзвычайны місійны месяц і Сусветны дзень місій пройдуць у Касцёле адначасова з Сінодам Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, і гэты факт, па яго словах, павінен дапамагчы ўсвядоміць, наколькі місія, даручаная нам Езусам, актуальная для зямель і карэнных народаў Амазоніі.

“Абноўленая Пяцідзясятніца шырока расчыняе дзверы Касцёла, каб ніводная культура не засталася закрытай у сабе і ніводны народ не быў ізаляваны, але адкрыты на ўніверсальнае адзінства веры”, — адзначыў Францішак.

Сусветны дзень місій адзначаецца кожную трэцюю нядзелю кастрычніка. Сёлета ён пройдзе 20 кастрычніка. У гэты дзень ва ўсіх парафіях свету збіраюцца ахвяраванні на душпастырскую дзейнасць святароў, законных асоб і свецкіх вернікаў, якія працуюць на місійных тэрыторыях.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку