Святочнае шэсце Трох Каралёў адбылося ў Лідзе

6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адбылося першае ў дыяцэзіі святочнае шэсце Трох Каралёў.

Перад святой Імшой працэсію прывітаў  біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Урачыста ўвайшоўшы ў касцёл пад калядны спеў, Каралі і ўдзельнікі працэсіі пакланіліся перад стаенкай.

На пачатку св. Імшы пробашч кс. канонік Уладзімір Гуляй прывітаў усіх прысутных у касцёле – вернікаў з лідскай Фары і суседніх парафій, а таксама пілігрымаў з Мінска на чале з кс. канонікам Юрыем Санько.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый. “Дзіцятка, якое нараджаецца, – Яно нараджаецца ў кожным сэрцы. Вашая прысутнасць у святыні сведчыць аб гэтым. Вы, як Мудрацы, выбралі найлепшае: не “пілігрымку” на каток ці “адарацыю” перад тэлевізарам, а выбралі найважнейшае – прыйсці да Крыніцы жыцця вечнага, якая ёсць тут, пры алтары”, – адзначыў ён. Святар заахвоціў усіх прысутных скласці ў дар Хрысту свае дары: “золата нашай веры, кадзіла нашых малітваў, міра нашай штодзённай працы, цярпенняў і выпрабаванняў”.

На заканчэнне Літургіі да вернікаў звярнуўся біскуп Юзаф Станеўскі. Ён выказаў радасць, што шмат людзей прыйшло ў касцюмах Каралёў. “Спадзяюся, што гэта стане добрай традыцыяй у вашай парафіі. Гэта першае такое шэсце ў нас!” – сказаў іерарх і падзякаваў святарам, семінарыстам і сёстрам законным за арганізацыю гэтай урачыстасці.

Пасля пастырскага благаслаўлення адбыўся святочны канцэрт, у якім узялі ўдзел дзеці і моладзь з лідскай Фары, з лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Слабада) і іншыя асобы. Удзельнікі чыталі вершы і спявалі калядкі.

Яна Чайко, grodnensis.by

для друку для друку