«Святасць магчыма і сёння»: у Навагрудку адбылася сустрэча для дзяўчат

29-31 кастрычніка ў кляштары Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбылася сустрэча дзяўчат. На духоўныя практыкаванні прыбылі 32 удзельніцы з Мінска, Гродна, Геранёнаў, Войстама, Маладзечна, Навагрудка.

Сустрэча праходзіла пад назвай “Дзіўны Пан у сваіх святых”. Ксёндз Уладзіслаў Сурвіла і сёстры назарэтанкі пазнаёмілі ўдзельніц з жыццём бл. сястры Стэлы і яе дзесяці паплечніц, мучаніц з Навагрудка, і разам з дзяўчатамі разважалі аб нашым шляху да святасці.

Быў час на малітву каля рэліквій благаслаўлёных мучаніц, калі можна было асабліва адчуць іх прысутнасць і вялікую моц іх заступніцтва перад Богам.

У вольныя хвіліны была магчымасць размовы і супольнага прабывання разам. Дзяўчаты пакідалі кляштар назарэтанак з вялікім спакоем і радасцю ў сэрцах, а таксама з думкай, якую ўсвядомілі падчас гэтых кароткіх рэкалекцый – святасць магчымая і сёння!

Kс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

C. Кляра Волчэк, фота

для друку для друку