Святары ладзяць прыватную мота-пілігрымку ў Будслаў

Сёлетнія парафіяльныя ўрачыстасці ў Будславе не застануцца без пілігрымаў. Нагадаем, традыцыйныя масавыя пілігрымкі ў нацыянальны санктуарый адмененыя з прычыны эпідэміялагічнай сітуацыі.

Але прыватныя пілігрымкі ніхто не забараняў. Таму 23 чэрвеня 2020 г. з Баранавічаў адправіліся ў шлях пешкі да маці Божай Будслаўскай тры святары і адзін брат законны. А 27 чэрвеня з Лагішына стартуе мота-пілігрымка ў складзе трох святароў. Больш таго, ксяндзы-матацыклісты вырашылі наведаць усе Марыйныя санктуарыі Беларусі і завяршыць сваю пілігрымку ў нацыянальным.

Духавенства на матацыклах разлічвае за пяць-шэсць дзён пераадолець каля 2 тыс. кіламетраў, — распавёў Беларускай службе Vatican News пружанскі пробашч, кс. Павел Ярашэвіч.

“Каб гэта была сапраўдная пілігрымка, а не адзін дзень дарогі, мы вырашылі праехаць вакол амаль усёй краіны. Пачынаецца дарога з Лагішына, затым – Брэст, Тракелі, Гудагай, Браслаў, Бялынічы, Баранавічы, Будслаў. Як і ў кожнай пілігрымцы, збіраем інтэнцыі ў тых парафіях, у якія будзем заязджаць, штодня будзе св. Імша ў інтэнцыях духоўных пілігрымаў – тых, хто не зможа сёлета прыбыць у Будслаў”, — адзначыў кс. Павел.

Разам з ім у дарогу адправяцца ранейшыя ўдзельнікі пешых пілігрымак і вопытныя матацыклісты: столінскі пробашч, кс. Юры Медушэўскі і вікарый з Бярозы, кс. Юзаф Парфяновіч.

У Даўгінаве, традыцыйным месцы сустрэчы пілігрымак па дарозе да Будслава, матацыклісты плануюць сустрэцца з прыватнай пешай пілігрымкай. Затым, 1 ліпеня, прыбыць у санктуарый і назаўтра ўдзельнічаць у адпустовых урачыстасцях.

Прыватная пілігрымка рухаецца па звычайным 9-дзённым маршруце, дадаў адзін з удзельнікаў, кс. Павел Рудзьман, душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі. “Мы вырашылі пайсці ў пілігрымку ў інтэнцыі тых людзей, якія не могуць адправіцца ў шлях, а таксама каб трошкі змяніць фармат. Мы прызвычаіліся, што пілігрымка – гэта група людзей, якія ідуць з калонкамі, мы называем гэта маніфестацыяй нашай веры. Але ёсць Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Чаму ім не можа быць Будслаў у нас, у Беларусі?”.

Святары-пілігрымы прымаюць інтэнцыі на акаўнце баранавіцкай пілігрымкі ў сацсетках ВКонтакте і Instagram.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

 

для друку для друку