Святар, які меў на сваім целе раны Хрыста

23 верасня Каталіцкі Касцёл успамінае падрэ Піа адзінага вядомага ў гісторыі Касцёла святара, які меў на сваім целе раны Хрыста — стыгматы. Хочам падзяліцца найбольш вядомымі малітвамі падрэ Піа, і прыгадаць некаторыя моманты з яго жыцця. 

Бацькі падрэ Піа назвалі свайго сына Францішак ў гонар св. Францішка Асізскага. Пасля ён стаў падобны свайму святому заступніку, нават атрымаў дар стыгматаў, адпаведных ран Езуса Хрыста. Пасвячэнне ў сан святара Францішак прыняў у 1910 годзе, пасля сямі гадоў вучобы. З тых часоў быў вядомы як айцец Піа.

Праз шэсць гадоў, як і многіх іншых італьянскіх святароў, яго забралі ў войска. Там манах-капуцын захварэў. Лекары з вайсковага шпіталя, у які ён патрапіў, былі ўражаны станам яго здароўя. Звычайныя тэрмометры лопаліся, настолькі высокім быў у яго жар. Тэмпература, па сведчаннях спецыяльных, нашмат больш трывалых тэрмометраў, вагалася ад сарака дзевяці да пяцідзесяці градусаў Цэльсія. Нягледзячы на ​​такі моцны жар, святар не губляў свядомасці. У рэшце рэшт лекары прызналі яго непрыдатным да ваеннай службы і паставілі яму дыягназ — сухота. Духоўныя ўлады ордэна палічылі, што айцец Піо блізкі смерці, і адправілі яго ў манастыр у Сан Джавані Ратонда. Але ён там пражыў нашмат больш, чым тыя некалькі месяцаў, якія яму прадказвалі. Ён правёў у манастыры пяцьдзесят адзін год.

Калі 20 верасня 1918 года айцец  Піо на каленях маліўся перад вялікім распяццем, у яго з’явіліся выразна бачныя стыгматы — раны на руках, нагах і ў баку. Адзін з братоў як раз праходзіў міма па калідоры і заўважыў яго, які ляжаў без прытомнасці ў капліцы на каменнай падлозе. Ён паведаміў пра гэта гвадыяну, і яны разам перанеслі айца Піа ў яго келлю. Неадкладна праінфармавалі аб гэтым здарэнні генералу ордэна. Ён жа загадаў сфатаграфаваць гэтыя загадкавыя раны і паклікаць лекара, каб той агледзеў іх.

Лекар, які аглядаў айца Піа, не змог лагічна растлумачыць паходжання гэтых ран. Звычайна раны гояцца ці ж гнаяцца, і тады можа здарыцца заражэнне крыві. У выпадку з айцом Піа гэтае правіла не пацвердзілася. Калі стыгматы з’явіліся ўпершыню, быў зафіксаваны інтэнсіўны крывацёк.

На працягу наступных пяцідзесяці гадоў кроў сачылася пастаянна, нават тады, калі ён паміраў, у 1968 годзе, гэта значыць па сканчэнні пяцідзесяці гадоў.

Улады Царквы, сутыкаючыся з такімі феноменамі, як стыгматы айца  Піа, выконваюць велізарную асцярожнасць. Падобныя феномены старанна даследуюцца, каб людзі не шукалі цудаў у чымсьці, што было б вынікам самых натуральных з’яў. Зыходзячы з такой прадбачлівасці Касцёла, справа айца Піа выклікала шэраг засцярог. Ён жа заўсёды згаджаўся з любымі патрабаваннямі духоўных уладаў. У адзін час яму нават забаранілі паказваць стыгматы іншым людзям, а вернікам не дазвалялі яго бачыць.

Малітва святога айца Піа

Пабудзь са мной, Госпадзе,
бо мне Твая прысутнасць неабходна,
каб не забываць пра Цябе.
Ты ж ведаеш, як лёгка я пакідаю Цябе.
Застанься са мной, Госпадзе, бо я слабы.
Мне патрэбна Твая сіла, каб не ўпасці.
Без цябе маё імкненне згасае.
Пабудзь са мной, Госпадзе,
бо толькі Ты для мяне — святло.
Пакажы мне волю Тваю,
каб пачуў я Твой голас  і пайшоў за ім.
Будзь са мной, каб я быў верны Табе,
мая бедная душа прагне стаць для Цябе
месцам суцяшэння.
Пабудзь са мной, Госпадзе,
бо дзень ужо хіліцца да захаду,
становіцца позна.
Жыццё праходзіць, і набліжаецца вечнасць.
Трэба сілы набрацца, каб не прытаміцца ў дарозе.
Пабудзь са мной, Госпадзе,
бо Ты мне патрэбны. Так, застанься са мной,
бо толькі Цябе я шукаю,  Тваёй любові,
Тваёй ласкі, Твайго Духа. Люблю Цябе, Госпадзе,
і адной толькі ўзнагароды прашу: любіць Цябе мацней і мацней. Амэн.

Айцец Піа ніколі не раставаўся з ружанцам і заахвочваў іншых маліцца на ружанцы, кажучы: «Імкніцеся любіць Марыю і рабіце ўсё, каб Яе любілі. Маліцеся на ружанцы, і ўсё будзе добра … Ружанец — гэта трыумф Госпада»

Малітва айца Піа да Маці Божай

Найсвяцейшая Дзева, выпрасі нам любоў да Крыжа, каб мы ўдзельнічалі ў муках і пакутах Езуса. Ты першая рупліва выканала Евангелле, Ты зрабіла гэта раней, чым яно было запісана. Выпрасі нам гэтую ласку, каб мы заўсёды былі блізка з Госпадам. Марыя, выпрасі нам і такую ласку ў свайго Сына, каб мы маглі ўладкаваць усё наша жыццё паводле прагненняў Божага Сэрца, каб мы маглі ўсё наша ўнутранае жыццё скласці ў Ім. Найдаражэйшая Маці, учыні, каб мы так сцісла паядналіся з Езусам, што ніякая моц і ніякая рэч гэтага марнага свету не здолее нас адлучыць ад Яго. Марыя, учыні, каб мы заўсёды былі блізка да гэтай бязмежнай Любові – Езуса, каб мы заўсёды былі сынамі Божымі сярод гэтага свету. Ты, якая прыйшла на гэты свет без ніводнай заганы, выпрасі нам у свайго Сына гэтую ласку, каб мы маглі без ніякай віны адыйсці з гэтага свету і каб былі ўведзены ў славу Валадарства Айца, Сына і Духа Святога ў супольнасць адкупленых, Анёлаў і Святых. Амэн.

Відэа з паўсяздённага жыцця святога айца Піа

Паводле pio.by

для друку для друку