- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Сведчыць пра Бога справамі, або як абудзіць жыццё ў хоспісе

[1]У паветры вітае непрыемны пах. У койках ляжаць людзі з застылым позіркам. Жоўтыя, падобныя да васкавых фігур. Раптам гулкую цішыню хоспісу парушае задорнае: “З Богам!”. І з адной з палат выкочваецца возік з цукеркамі, зефірам, гарбатай, кавай, паштоўкамі, пробнікамі парфумаў, памадамі, крэмамі і шкарпэткамі. Завяршае “кампазіцыю” папяровая каляровая круцёлка. Шчыра кажучы, выглядае гратэскна. Напэўна таму, што мы думаем: хоспіс – гэта пра смерць. Алё ён пра жыццё!

Менавіта так лічыць Алег Гарбачоў, малады энергічны хлопец, які заснаваў “Цэнтр Дапамогі Жыццю” – першую ў Беларусі ўстанову, якая бясплатна аказвае комплексную дапамогу невылечна хворым людзям на апошняй стадыі анкалогіі.

Алег штурхае перад сабой возік і раздае пацыентам маленькія падарункі і слодычы. І гэта не велікодная акцыя, але традыцыйные мерапрыемства: кожны чацвер і сераду супрацоўнікі і валанцёры цэнтра цешаць хворых рознымі прыемнасцямі з “Возіку радасці”.

“Людзі, што да нас далучаюцца — вар’яты!”

Дарэчы, колькасць памагатых “Цэнтра” складае амаль паўсотні чалавек. Маладыя людзі намагаюцца ахінуць апекай пацыентаў штодня. Кожны мае свой занятак. Хтосьці абмывае завялую, вытанчаную хваробай скуру і змяняе памперсы. Хтосьці бярэ на сябе абавязак падтрымліваць нялёгкую гутарку пра з’едлівую немач і смерць, што стаіць за плячыма. Хтосьці корміць пацыентаў.“Калі ў каго зондавае сілкаванне, дзяўчаты труць для іх яблычкі”, — гаворыць Алег. Хтосьці замест таго, каб “загрузіць” увечары чарговы серыял, прыходзіць у хоспіс даглядаць кветкі, шукае і прыцягвае да супрацоўніцтва спонсараў або арганізуе транспарт. “Ды яны вар’яты, калі выбралі хоспіс! Але іх паслуга неацэнна”, — дадае з усмешкай кіраўнік. І перадусім стаіць задача: забяспечыць хворых неабходнымі лекамі.

Усе валанцёры і супрацоўнікі задзейнічаны ў адмысловых мерапрыемствах. “Музыкальны падвячорак”, праграма “Мары здзяйсняюцца”, дабрачынныя кірмашы. “І, канечне, «Б’юці дэй!», — дадае з захапленнем кіраўнік. – Жанчына хоча быць прыгожай заўсёды, незалежна ад таго, у якім стане яна знаходзіцца. Таму раз у месяц мы запрашаем майстроў па манікюру, візажыстаў і цырульнікаў, усталёўваем фотазону. І пацыенткі пераўтвараюцца!”.

[2]

За першы год існавання арганізацыя ўзяла пад сваю апеку два гродзенскія хоспісы і зладзіла сястрынскую дапамогу ў Сапоцкіне, Азёрах і Індуры.

“Гэтая ніша была свабодная, таму і прыйшло рашэнне заняць яе. Мы хочам быць побач з нашымі пацыентамі, калі ім сумна, весела або калі хочацца плакаць. Мы хочам быць з імі, калі яны сыходзяць. Напрыклад, ёсць у нас валанцёр Даша, якая заўсёды вычувае набліжэнне апошняга часу наступнага хворага. У такія моманты яна павядамляе блізкіх гэтага чалавека, каб паспелі развітацца”, — адзначае Алег.

Пацыенты пакідаюць хоспіс амаль кожны дзень. Раздаецца гук “Вайбера” — і ў групу “Дапамогі Жыццю” прыходзіць паведамленне аб чарговай страце. У офісе Цэнтра адразу запальваецца свечка ў памяць аб памерлым. Тыя, хто верыць у таямніцу Уваскрашэння, злучаюцца у маўклівай малітве ў інтэнцыі спачылага.

Перакананыя, што ёсць жыццё і пасля хоспісу…

“Я адчуваю, што душы ў чыстцы – пацыенты, якія сышлі, дапамагаюць нашай дзейнасці сваімі малітвамі. Іх жа там цэлае войска, і ім бліжэй да Бога. Яны моляцца за нас, а мы за іх”, — адзначае Алег. Разам з тым ён дадае, што з невылечна хворымі ў пытаннях веры трэба захоўваць далікатнасць.

Гэта падкрэслівае і а. Павел Раманчук OFMConv, які рэгулярна наведвае пацыентаў хоспісу.“Гаварыць з невылечна хворымі пра Бога неабходна, бо ім трэба даваць надзею на вечнае жыццё. Але пры гэтым трэба памятаць пра індывідуальны падыход. Калі чалавек няверуючы, варта расказаць пра тое, што дае табе сілы ў цяжкіх абставінах. Падзяліцца сваім досведам і дазволіць яму вырашаць, ці захоча ён шукаць суцяшэння каля той жа Крыніцы, — тлумачыць святар. — У сваю чаргу хрысціянін перад абліччам цяжкай хваробы можа перажываць крызіс веры: чакаць цуд ацалення цела, які не надыходзіць, і не разумець, што праз пакуту ён можа мацней з’яднацца з Богам, і праз гэта зведаць яшчэ большы цуд – аздараўленне душы”.

У кожным з гэтых выпадкаў трэба дбаць, каб імкненне адкрыць Госпада для хворага не пераўтварылася ў дакучлівасць і тым самым яшчэ больш не аддаліла чалавека ад Бога.

Калі хтосьці з пацыентаў хоспісу патрабуе духоўнай дапамогі, валанцёры і супрацоўнікі Цэнтра рэагуюць адразу.“Ёсць сярод нас фларыст Эла, якая акрамя ўпрыгожвання хоспісу, прыходзіць сюды маліцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Усе ахвотныя збіраюцца разам з ёй”, — распавядае Алег. Акрамя супольнай малітвы памагатыя арганізуюць на хрысціянскія святы адмысловыя мерапрыемствы: майстар-клас па дэкарацыі вербаў, выпечка кулічоў, выступы парафіяльных гуртоў і г. д. У традыцыю паступова ўваходзіць і правядзенне “Дзён памяці і малітвы”: у каталіцкіх і праваслаўных храмах цэлебруюцца Імшы ў інтэнцыі памерлых пацыентаў хоспісу.

Яшчэ адной заслугай Цэнтра з’яўляецца арганізацыя ў другім гродзенскім хоспісе малітоўнага кутка. “Мы зрабілі яго экуменічным. Каля праваслаўных абразоў паставілі фігуру св. Юзафа – апекуна добрай смерці – якую нам ахвяраваў парфіянін з францішканскага касцёла. Побач павесілі абраз Езуса Міласэрнага, які спецыяльна для хоспісу намалявала верніца з той жа парафіі”, — адзначае Алег.

Дарэчы, аддзел хоспіс пры гарадской клінічнай бальніцы №2 размяшчаецца ў былым францішканскім кляштары. Таму ў планах кіраўніка Цэнтра абазначыць адмысловай дошкай комнату, дзе калісьці жыў св. Максімільян Кольбэ.

Хоспіс – гэта месца, дзе вера паддаецца выпрабаванням, і дзе, згодна з назіраннямі Алега, яе часцей знаходзяць, чым губляюць. Можа таму, што пра Госпада валанцёры вырашылі сведчыць самым эфектыўным спосабам – сваімі справамі. Хтосьці свядома, хтосьці – не. Сярод памагатых не ўсе веруючыя і не ўсе адкрытыя на веру. Але ў тым, што кожны з іх – Божы чалавек, сумнявацца не прыходзіцца.

Хвароба як благаслаўленне

Алена Штоп сумяшчае абавязкі бухгалтара ў Цэнтры з працай спецыяліста па арганізацыі грузаперавозак. Акрамя гэтага, яна прысвячае шмат асабістага часу непасрэдна пацыентам хоспісу.

Дзяўчына пранікліва ўзіраецца ў гісторыю кожнага хворага і з упэўненасцю адзначае: немач можна разглядаць як ласку Божую.

“Калі чалавек трапляе ў такое месца, як хоспіс, ён атрымлівае шанс спазнаць любоў і клопат бліжніх. У выдадку раптоўнай смерці мы не паспяваем сказаць патрэбных слоў. У паўсядзённасці часта забываем пра звычайны выраз чуласці адзін да аднаго. Але ў хоспісе існуе гэты прамежак любові, — адзначае дзяўчына. — Аднойчы даводзілася назіраць сітуацыю, калі цяжка хворага мужчыну прыходзіла даглядаць былая жонка. Яны знаходзіліся ў разводзе на працягу многіх гадоў і за гэты час сталі адзін аднаму амаль чужымі людзьмі. Таму можна толькі ўявіць, якой вялікай была любоў жанчыны, і як пашчасціла чалавеку, што давялося яе спазнаць”.

Але пацыентам хоспісу часта складана глядзець на сваю хваробу вачыма Усявышняга. У малітвах яны просяць аб здароўі і хутчэй упадабаюць яшчэ некалькі дзён у казённым ложку, чым райскія сады. І гэта трэба прымаць. Праяўляць хрысціянскую акцэптацыю. Так робяць валанцёра Цэнтра .

“Вельмі хочацца жыць…”,- гаворыць спадарыня Зоя, хворая на рак малочнай залозы. – Але Бога за што тут клясці? Хіба ж не за тое, што пайшоў на пакуты дзеля нашых грахоў. Яму дзякаваць трэба, што побач ёсць хлопцы і дзяўчаты, якія прыходзяць сюды (у хоспіс – заўв. аўт.) не дзеля галачкі, а дзеля нас”.

***

Штодзень глядзець у аблічча смерці, часта гнятлівай – цяжка. Яшчэ больш складана прабіваць прастору адчаю і маркоты жывымі, пазітыўнымі эмоцыямі. Адкуль у валанцёраў і супрацоўнікаў Цэнтра сілы і энергія функцыянаваць у падобнай атмасферы? “Адтуль”, — адказваюць яны і ківаюць галавой угору.

Ангеліна Марцішэўская, grodnensis.by [3]