Свабода – дар ці праклён?

Это сладкое слово – свобода…

“Дык сказаў Бог: “Учыню чалавека на вобраз і падабенства Сваё; і няхай валадарыць ён над рыбамі марскімі і птушкамі паднябеснымі, і звярамі, і над усёй зямлёй і над усякім паўзуном, які рухаецца па зямлі”. І стварыў Бог чалавека на вобраз Свой; на вобраз Бога стварыў яго: мужчынам і жанчынай стварыў іх. (…) І загадаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: “З кожнага райскага дрэва еш, а з дрэва пазнання дабра і зла не еш! Бо ў які толькі дзень будзеш есці з яго – смерцю памрэш” (Быц 1, 26-27.16-17)

Бог – абсалютна свабодная Асоба ‒ стварыў чалавека паводле свайго вобразу і падабенства. Тым самым, свабода сталася неад’емнай часткай нашай натуры. Бог ад самага пачатку хацеў, каб чалавек сам вырашаў свой лёс, добраахвотна шукаў свайго Створцу і, жывучы з Ім, дасягнуў поўную і шчаслівую дасканаласць. Таму свядомы і добраахвотны выбар чалавека сведчыць пра яго чалавечую годнасць як носьбіта вобразу і падабенства Божага.

Нармальная рэч, нават абавязак – праяўляць сваю свабодную ініцыятыву і кіраваць сваім асабістым і грамадскім жыццём, прымаючы за яго адказнасць. Свабода не толькі дазваляе змяняць вонкавую рэчаіснасць асобы, але таксама ўплывае на развіццё яе самой: карыстаючыся правам выбару, чалавек нібы нараджае самога сябе, з’яўляецца бацькам свайго існавання, і будуе грамадскі лад.

Аднак свабода чалавека, створанага на вобраз і падабенства Божае, адрозніваецца ад свабоды Бога, бо мае свае межы. Чалавек можа есці плады з кожнага райскага дрэва, акрамя пладоў дрэва пазнання дабра і зла. Толькі Бог мае ўладу вызначаць, што ёсць дабром, а што злом. Прыняцце Бога як Крыніцы маральнасці і Яго запаведзяў азначае поўную і якасную рэалізацыю чалавечай свабоды. Аддаляючыся ад маральнага права, чалавек сам сябе знявольвае, зрывае братэрства з іншымі людзьмі і бунтуецца супраць Божай праўды. “… пазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць”. Езус прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе.

Сёння так шмат разнастайнай інфармацыі і так лёгка згубіцца ў яе вірах, што ўжо не здзіўляе пытанне Пілата “Што ёсць праўда?” Яно становіцца і нашым пытаннем, калі ў штодзённым марафоне яшчэ маем сілы думаць і задаваць пытанні. Карыстаючыся свабодай, чалавек толькі тады чыніць дабро для сябе і грамадства, калі паслухмяны праўдзе, якая не ад яго паходзіць. “Я – дарога, і праўда, і жыццё” – кажа Езус.

Выраз “у кожнага – свая праўда” хлуслівы, бо падмяняе праўду ўласнымі перакананнямі. У кожнага могуць быць свае перакананні, але не заўсёды яны праўдзівыя. Таму іх трэба правяраць, ці адпавядаюць Праўдзе. Свабода, якая абапіраецца на памылковых перакананнях, з’яўляецца самаволяй і вядзе да граху.
“Кожны, хто чыніць грэх, ёсць нявольнік граху”. Усе мы прагнем чыніць дабро, але часта адбываецца так, што “калі хачу рабіць дабро, то побач са мною зло” (Рым 7, 21) і нешта ўва мне “працівіцца закону майго розуму ды няволіць мяне законам граху” (Рым 7, 23). Такім чынам, выбіраючы зло, выбіраем няволю. Божы дар свабоды становіцца праклёнам, таму што быў выкарыстаны насуперак розуму, які распазнаў праўду.

«Езус – гэта палярная зорка чалавечай свабоды: без Яго яна губляе арыенцір, таму што без ведання праўды свабода скажаецца, ізаліруецца і пе-ратвараецца ў марную волю. Свабода ёсць разам з Ім».

У сакрамэнце алтара Пан выходзіць насустрач чалавеку, створанаму паводле вобраза і падабенства Бога, і спадарожнічае нам на шляху. У гэтым сакрамэнце Пан дае сябе як спажытак чалавеку, які прагне праўды і свабоды. Толькі праўда можа зрабіць нас сапраўды свабоднымі. Таму Хрыстус становіцца для нас спажыткам праўды. (…)
У сакрамэнце Эўхарыстыі Езус асабліва паказвае нам праўду аб любові, якой з’яўляецца сама Божая сутнасць. Гэта тая евангельская праўда, якая датычыць кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва. Таму Касцёл, які знаходзіць у Эўхарыстыі свой жыццёвы асяродак, абавязваецца стала абвяшчаць усім, у час і не ў час (пар. 2 Цім 4, 2), што Бог ёсць любоў. Менавіта таму, што Хрыстус стаўся для нас спажыткам праўды, Касцёл звяртаецца да чалавека і запрашае яго дабравольна прыняць Божы дар”. (паводле: Бэнэдыкт XVI «Sacramentum Caritatis», 2)

Свабода непарыўна звязана з натуральным правам чалавека, галоўныя наказы якога змяшчае Дэкалог. Яно – паўсюднае і нязменнае, а яго падмуркам з’яўляецца прагненне Бога і паслухмянасць Яму, а таксама прыняцце факту, што другі чалавек – такі самы як і мы.

“Сапраўдная свабода вызначаецца мерай служэння і дару з сябе. Толькі такая свабода – сапраўды творчая, будуе нашу чалавечнасць і ўзаемаадносіны між людзьмі”. (св. Ян Павел ІІ)

Езу, абудзі ў нас свядомасць годнасці дзяцей Божых, створаных паводле Твайго вобразу і падабенства. Дай нам свайго Духа, Духа праўды, які навучыць нас праўдзе, Які навучыць нас любові, каб мы любілі адзін аднаго, каб свет пазнаў, што мы Твае вучні.

С. Іна Амельчанка SJE, waladarka.by

для друку для друку