Св. Губерт, новы стадыён і гол ад біскупа: як прайшла пастырская візітацыя ў Камаях

У нядзелю, 28 мая, у камайскім касцёле Св. Яна Хрысціцеля адбылося шмат значных падзей. Перш за ўсё ў гэты дзень была візітацыя біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Былі асвечаны капліца і фігура святога Губерта і спартыўны стадыён ля Камайскай школы.

Пасля ўрачыстай сустрэчы біскупа Алега ля ўвахода ў касцёл і прывітання адбылася святая Імша, якую цэлебраваў сам віцебскі ардынарый. Пасля ўсе пайшлі на вуліцу для асвячэння каплічкі і фігуры св. Губерта.

Хто ж такі святы Губерт? Гэта каталіцкі біскуп, святы, які нарадзіўся ў 655 годзе ў Брусельска-Бельгійскай епархіі ў сям’і герцага. Спачатку ён вёў свецкае, вясёлае, бесклапотнае жыццё, любіў паляванне.

Аднойчы будучы на паляванні ў вялікіх лясах Ардэнскіх гор, ён заблудзіўся і ледзь не загінуў. Але ў гэты час ён пачуў голас: “Губерт, калі не навернешся, цябе чакае пекла. Ідзі да біскупа Ламберта, ён скажа табе, што рабіць”. Губерт убачыў перад сабой аленя з залатым распяццем паміж рагамі, які то адбягаўся, то чакаў Губерта. Губерт паехаў за ім і такім чынам быў цудоўна выратаваны. Было гэта ў вялікую пятніцу 695 года.

З гэтага часу яго жыццё карэнным чынам змянілася. Ён стаў вучнем біскупа Ламберта, а затым і яго пераемнікам. Будаваў цэрквы і асвячаў іх, шмат зрабіў для хрысціянізацыі горных раёнаў Ардэна, клапаціўся аб духоўным навяртанні сваёй паствы, за што яго празвалі апосталам Ардэна. Смерць яму прадказаў анёл. Ён памёр 30 мая 727 года, у хуткім часе быў кананізаваны. Сёлета своеасаблівы юбілей: 1290 год са дня яго смерці. У адной з цэркваў знаходзіцца паляўнічы рог, які належыў св. Губерту. У Германіі пад Дрэздэнам ёсць паляўнічы замак Губертусбург. Выява аленя з крыжам паміж рагамі ўпрыгожвае герб беларускага горада Гродна. Св. Губерт лічыцца апекуном паляўнічых і леснікоў, рыбаловаў, ліцейшчыкаў, оптыкаў, матэматыкаў, спартсменаў. Яму моляцца аб ацаленні эпілептыкі, лунатыкі, аб абароне ад укусаў шалёных сабак, змей і гадзюк, аб шчаслівай смерці.

Вось такога цудоўнага апекуна набылі мы сабе ў вобразе св. Губерта пры дапамозе кс. Яцэка Хутмана. І гэта не выпадкова. Побач з касцёлам знаходзіцца дом, пабудаваны ў 1929 годзе, які калісьці належыў касцёлу. Але са зменай улады змянілася і яго прызначэнне. Ён быў клубам, спартыўнай залай, камбінатам бытавога абслугоўвання.

У 2000 годзе ў ім размясцілася адміністрацыя камайскага лясніцтва. Суседства аказалася плённым і ўзаемавыгадным. Гэтыя добрыя людзі не раз дапамагалі касцёлу ў выкананні розных цяжкіх работ. Вальшчыкі лесу дапамагалі ў добраўпарадкаванні могілак на тэрыторыі парафіі, нарыхтоўвалі і ўстанаўлівалі рыштаванні для рамонта касцёла, дастаўлялі навагоднія ёлкі, прывозілі саджанцы туі ў парк перад касцёлам. Па ініцыятыве кс. Яцэка ў парку насупраць лясніцтва створаны міні дэндрапарк, які кожны год папаўняецца новымі экспанатамі. І канешне ж з іх удзелам выраблена і ўстаноўлена каплічка для фігуры св. Губерта, якая заняла належнае месца паміж касцёлам і лясніцтвам, і была асвечана біскупам Алегам. Св. Губерт можа стаць прыкладам для ўсіх нас у навяртанні і служэнні Богу, касцёлу і людзям.

Затым усе пайшлі на школьны стадыён, які быў пабудаваны да гэтай даты. Сродкі на добраўпарадкаванне тэрыторыі пад яго выдзеліў прадпрымальнік з в. Лапуны Андрэй Лашук, вырабляў слупы майстар “залатыя рукі” каваль Трафанчук А.Р., дапамагалі ўзводзіць стадыён работнікі ААТ “Камайскі-агра”, вучні старэйшых класаў, шмат працаваў і сам кс. Яцэк.

І вось усё гатова. Разразаюць стужку і адкрываюць дырэктар школы Рамбальскі Г.А. і вучань-старшакласнік Канстанцін Дуброўскі.

Пакладзены мяч, і першы ўдар даручаецца зрабіць біскупу Алегу. Удар атрымаўся ўдалым і трапным.

Затым выступіў намеснік старшыні райвыканкама Кісялёў Ю.М. Ён выказаў словы падзякі кс. Яцэку, арганізатарам і ўдзельнікам гэтай добрай справы, уручыў грашовыя прэміі і падарункі.

Ва ўсіх быў добры настрой, і кс. Яцэк запрасіў гасцей на абед, прыгатаваны ўмелымі рукамі мясцовых гаспадынь.

У гэты дзень Маці Божая і маленькі Езус з любоўю і пяшчотай глядзелі на ўсіх прыхаджан, святароў, асабліва на кс. Яцэка, які так многа зрабіў для Камаяў, мясцовага храма і ўсёй парафіі. І падзеі гэтыя адбыліся напярэдадні яго юбілейнага дня нараджэння. Біскуп Алег павіншаваў яго з гэтай датай, падзякаваў за працу, паблагаславіў на далейшае служэнне ў камайскім касцёле.

Мы таксама далучаем свае найлепшыя пажаданні кс. Яцэку, Божай ласкі і апекі ва ўсіх яго справах, каб заўсёды і на ўсё хапала сілы і здароўя, каб ён працаваў яшчэ доўга-доўга ў нашым касцёле і парафіі, каб збыліся ўсе яго самыя смелыя планы і задумы, а праца была дастойна ацэнена Богам і людзьмі.

Генавефа Дубіловіч, тэкст
Васіль Крук, фота

для друку для друку