Сусветныя дні моладзі з павагай да карэнных народаў

Упершыню ў гісторыі Сусветных дзён моладзі асаблівае месца займаюць выхадцы з карэнных народаў. Больш за тысячу маладых людзей з 12 краін сустрэліся ў панамскім Солой, каб абмяняцца досведам.

Высновы I Сусветнай сустрэчы моладзі карэнных народаў былі прадстаўлены на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Панаме. Прадстаўнікі 40 плямёнаў размаўлялі пра багацце сваіх тысячагадовых культур і пра рэальнасць, у якой яны жывуць зараз.

Акрамя сталага парушэння правоў карэнных народаў, назіраецца эксплуатацыя іх тэрыторый з боку транснацыянальных кампаній і буйных эканамічных арганізацый. “Мы з болем заяўляем, што ўлады і ўрады, замест клопату пра ўсё насельніцтва, асабліва найбольш уразлівае, уступаюць у саюз з эканамічнымі гігантамі для рэалізацыі ўласных інтарэсаў, штурхаючы іншых на задворкі”, — адзначаецца ў адмысловым звароце.

“Мы, моладзь карэнных народаў, адзіным голасам патрабуем паважаць нашу разнастайнасць, бачанне свету і наш лад жыцця, якія адлюстраваны ў практыцы Добрага Жыцця. Як карэнныя народы, мы прызнаем, што зямля – гэта наша маці, і таму мы патрабуем клопату пра Агульны Дом, каб усе народы маглі гарантаваць новым пакаленням жыццё і будучыню”, — адзначаецца ў паведамленні.

Ад палітычных уладаў моладзь патрабуе прызнання і вызначэння тэрыторый плямёнаў, а таксама фарміравання адукацыі, якая б з павагай ставілася да культуры карэнных народаў. “Наш дарагі Касцёл мы просім адпаведнай прасторы для нас, каб маглі жыць нашай духоўнасцю ў сувязі з традыцыямі нашых продкаў і верай у Езуса Хрыста”, — напісалі прадстаўнікі моладзі карэнных народаў.

Беларуская служба Vatican News

для друку для друку