Сусветныя дні моладзі у Панаме: марыйныя абразы з усяго свету

Удзельнікі Сусветных дзён моладзі 2019 г. прывязуць з сабой у Панаму абразы Маці Божай, найбольш шанаваныя ў сябе на Радзіме.

“Заахвочваю моладзь, каб на Сусветныя дні моладзі прывезла з сабой копію абраза Марыі, які найбольш шануецца ў яе краіне”, — заклікаў арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Улоа Мэндзіета. Іерарх выступіў з такой прапановай падчас Другой міжнароднай працоўнай сустрэчы дэлегатаў, адказных за арганізацыю форуму.

Нарада адбылася 7-10 чэрвеня 2018 г. у Панаме. У ёй прынялі ўдзел звыш 300 прадстаўнікоў біскупскіх канферэнцый больш чым з 80 краін свету і каля 35 каталіцкіх рухаў і супольнасцей, біскупы, святары, члены манаскіх кангрэгацый і свецкія вернікі з Афрыкі, Азіі, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Арцыбіскуп Мэндзіета звярнуў увагу на тое, што тэмай бліжэйшых Сусветных дзён моладзі будуць словы Панны Марыі: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). На яго думку, слушна, каб марыйныя абразы з розных частак свету былі выстаўлены падчас правядзення моладзевага форуму, а юнакі і дзяўчаты змаглі пазнаёміць сваіх равеснікаў з асаблівасцямі ўшавання Маці Божай у сябе на Радзіме.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця паведаміла, што для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі зарэгістраваліся каля 300 тыс. юнакоў і дзяўчат, якія прыбудуць у Панаму ў суправаджэнні сваіх святароў і біскупаў. Галоўныя падзеі форуму адбудуцца 22-27 студзеня 2019 г.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку