Сустрэча «Маргарытак» з біскупам Алегам Буткевічам адбылася ў Удзеле

3 жніўня ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле прайшла другая агульнадыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка». Прыбылі вернікі з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Браслава, Германавіч, Дзеркаўшчыны і Удзела.

Спатканне распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і ружанцовая малітва першай суботы месяца. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Ардынарый прывітаў удзельнікаў такой неабходнай малітвы, якая сваёй моцай праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі падтрымлівае святароў.

“Бачым наколькі складана маладому чалавеку адважыцца і адказаць на Божы голас, які кліча яго да Божай службы. Ствараюцца розныя перашкоды, пачынаем шукаць прычыны і зноў упіраемся ў сям’ю. Адкуль бярэцца пакліканне? З сям’і. Гэтая супольнасць сёння таксама перажывае пэўны крызіс. Развод маладых сем’яў, недахоп атмасферы, у якой з самага пачатку магло б узрастаць пакліканне, – падкрэсліў іерарх і заклікаў да далейшай малітвы. — Таму, у гэтай малітве, якую скіроўваем да Бога праз заступніцтва Маці Божай просім аб вытрываласці на дарозе, на якую стаў малады чалавек, і каб тыя, хто адказаў Богу “так” на гэты заклік, маглі на гэтай дарозе вытрываць, але не проста вытрываць, а быць добрымі распарадчыкамі Божых таямніц. Бо свет сёння вельмі небяспечны для душы чалавека”.

На заканчэнне Імшы пробашч Удзелаўскай парафіі а. Яраслаў Банасяк заахвоціў прысутных далучыцца да малітвы-прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі сябе, сваёй сям’і, парафіі і месца працы, якую ўсе разам зачыталі. Святар запрасіў прыязджаць менавіта ў Удзела кожную першую суботу месяца, каб аднаўляць гэтае прысвячэнне. Вернікі з Шаркаўшчыны падзякавалі біскупу Алегу за магчымасць спаткацца чальцам апостальства і разам маліцца.

Пасля малітоўнай часткі ўсе чальцы руху змаглі падсілкавацца і паразмаўляць, а затым праслухалі канферэнцыю кс. Мікалая Ціхановіча, які паразважаў над тым, кім ёсць святар, і прыблізіў разуменне святарства згодна з навучаннем касцёла.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку