Сустрэча для моладзі, арганізаваная айцамі піярамі, прайшла ў Шчучыне

7 — 9 лістапада моладзь з Ліды і Шчучына, а гэта каля 60 чалавек, мела магчымасць паразважаць на тэму асобы Езуса Хрыста.

Засяродзіцца на тым, кім з’яўляецца Другая Асоба Божая і чаму такім важным з’яўляецца штодзённы выбар Хрыста, дапамагалі ўдзельнікам піярскіх дзён моладзі кс. Міхаіл, пробашч парафіі ў Абухава і сястра Назарыя, якая служыць у Лідзе (Фара).

Акрамя вельмі даступных канферэнцый, моладзь мела магчымасць узяць удзел у розных  інтэграцыйных забавах і конкурсах, а таксама, у рамках квэст-гульні, трошкі «павандраваць» па самым цэнтры горада.

Частка праграмы была прысвечана спецыяльна падрыхтаваным, дзякуючы піярскім аніматарам, майстар — класам, якія былі звязаныя з кулінарыяй, музыкай і танцамі.

Піярскія дні моладзі гэта перш за ўсё сустрэча з Богам! Сустракаць Яго, прымаць і слухаць кожны дзень моладзь мела магчымасць падчас святой Імшы, адна з якіх адбылася ў Ішчална, у прыгожым касцёле Святой Тройцы. Падчас адарацыі, кожны з яе ўдзельнікаў мог скарыстацца з сакраманту споведзі. Таксама ў сувязі з месяцам прысвечаным на малітву за памерлых адбылося набажэнства святла на адным з шчучынскіх могілак.

Пiярскiя дні моладзі ў Шчучыне на працягу многіх гадоў карыстаюцца вялікай папулярнасцю сярод моладзі. Гэта сапраўды добры час, для таго, каб падзяліцца сведчаннем сваёй веры, бліжэй пазнаць адзін аднаго, а таксама паяднацца ў малітве, весялосці і радасці.

Ірына Станейка, тэкст;
Дзмітрый Лобач, Алёна Новік, Рыта Янкоўская, Людміла Казлова, фота

для друку для друку