Сустрэчы з землякамі і спевы па-кашубску: пастаўскія вернікі пабывалі ў польскім Памор’і

985Пілігрымку ў польскае Памор’е арганізаваў пробашч новай пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз Андрэй Бульчак. Вернікі наведалі польскае трохграддзе — Гданьск, Гдыню, Сопат, — а таксама Вейхерова, Ліхень, Варшаву. Кожны дзень быў напоўнены малітвамі, падзеямі і ўражаннямі.

Спачатку вернікі наведалі Гданьск — марскую сталіцу Польшчы. Кожны дзень ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую разам з мясцовымі святарамі канцэлебраваў і ксёндз Андрэй. Яго прадстаўлялі як земляка і місіянера ў Беларусі, які прыехаў на сваю Радзіму разам з парафіянамі. Падчас службы ўсе спявалі песні на беларускай мове. А пасля заканчэння да пілігрымаў падыходзілі тыя, чые карані засталіся ў Заходняй Беларусі. Былі нават ураджэнцы Пастаўшчыны. Хэлена Марцінкевіч да 11 гадоў жыла ў Паставах. На могілках па вуліцы Ціхай пахаваны яе бацька. Жанчына яго не памятае, бо мела ўсяго тры гады, калі той памёр. Разам з маці пакінула Паставы ў 1950-ым. Цікавілася, ці стаіць дом, у якім нарадзілася (па вуліцы 17 Верасня), што змянілася ў райцэнтры за гэты час. Апошні раз яна была на Радзіме ў 1999 годзе. Наведацца яшчэ раз, на жаль, ужо не дазваляюць узрост і стан здароўя. Таму жанчына звярнулася да пілігрымаў з просьбай добраўпарадкаваць магілу бацькі. Таццяна Зібарава ўзялася за гэту справу. Таму парадак ужо наведзены, а ў Гданьск адпраўлены фота­здымкі прыбранай магілы.

Наведалі таксама паморскі горад Вейхерова — пабрацім Пастаў.

Як на Брэстчыне жывуць беларусы-палешукі, так у Паморскім ваяводстве — палякі-кашубы. Гэта адна з самых яркіх на сённяшні дзень этнічных груп Польшчы. У іх ёсць свае гімн, герб, прэса, радыё і тэлепраграма. Кашубская мова — адзіная ў Польшчы, якая мае статус рэгіянальнай. За час пілігрымкі вернікі вывучылі песню пра Маці Божую на кашубскай мове.

Ксёндз Андрэй Бульчак — кашуб з невялікага горада Рэда. Беларускія пілігрымы пазнаёміліся з яго бацькамі — ветлівымі, гасціннымі людзьмі, якія выхавалі годнага сына. Ён так шмат зрабіў і робіць для Беларусі: у Чашніках пабудаваў новы касцёл, цяпер гэтым займаецца ў Паставах.

Экзатычнае месца — паўвостраў Хель. Туды пілігрымы дабіраліся марскім трамвайчыкам.

Сопат — горад музычных фестываляў і забаў. На сцэне сопацкага амфітэатра, які ўражвае памерамі і зайсці ў які можа кожны жадаючы, вернікі песнямі праслаўлялі Божую Маці, дзякавалі яе Сыну за міласэрнасць, за магчымасць пабываць у такім знакамітым месцы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пабывалі пілігрымы ў галоўнай славутасці Гдыні — марскім акварыуме, у якім жывуць каля 1600 відаў жывёлін з розных куткоў свету: рыбы, амфібіі, беспазваночныя. 

Наведалі месца яднання Божай волі, руплівай чалавечай працы і сапраўднай глыбокай веры — санктуарый Маці Божай у Ліхені, таксама санктуарый Нараджэння і Хрышчэння сястры Фаўстыны. Сёстры з ордэна Маці Божай Міласэрнасці, які заснавала гэта маладая манахіня, служаць і ў пастаўскай парафіі. Пілігрымы пабывалі ў доміку, дзе нарадзілася і жыла святая.

У Непакалянаве маліліся аб заступніцтве Максіміліяна Кольбэ — святара, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў канцэнтрацыйным лагеры «Асвенцім» пайшоў на смерць замест бацькі адной сям’і. Гэты святар родам з Польшчы, у 20-ыя гады мінулага стагоддзя жыў і працаваў у Гродне.

І яшчэ аднаму пакутніку за веру, праўду, справядлівасць і Айчыну пакланіліся ў Варшаве — ксяндзу Ежы Папялушку. У кастрычніку 1984 года ён быў замучаны і ўтоплены ў Вісле. Пахаваны каля касцёла Святога Станіслава Косткі ў Варшаве.

Пілігрымка яшчэ больш умацавала веру, дапамагла глыбей зразумець сэнс жыцця, адчуць прысутнасць Бога ў ім.

Ганна Анішкевіч, postawy.by

для друку для друку