Сустрэчу для бедных з нагоды набліжэння святаў арганізавалі ў Гродне

5 красавіка ў доме сясцёр назарэтанак у Гродне з нагоды набліжэння святаў Уваскрасення Пана адбылася сустрэча для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства.

Традыцыйную сустрэчу перад святамі арганізавалі манахіні з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта разам з дабрачынным таварыствам «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Удзел у ёй прынялі больш за 80 чалавек.

Велікодныя віншаванні выказаў прысутным біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што велікодныя святы заўсёды з’яўляюцца звеставаннем надзеі, а таксама нясуць радасць і весялосць. Біскуп пажадаў людзям, закранутым рознымі праблемамі, быць здольнымі знаходзіць у сваёй штодзённай рэчаіснасці матывы радасці. Затым іерарх асабіста ўручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы маляванае яйка, якое з’яўляецца сімвалам плоднасці, адраджэння жыцця і знакам перамогі Хрыста над смерцю.

Дырэктар гродзенскага «Карытас» кс. д-р. Раман Рачко адзначыў, што для бедных і тых, хто не мае даху над галавой, такія сустрэчы вельмі важныя. Праз такія акцыі, якія арганізоўвае “Карытас”, Касцёл паказвае, што заўсёды стараецца спадарожнічаць чалавеку ў яго цяжкіх умовах жыцця і жадае прыйсці з дапамогай.

Сёстры законныя і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне разнасілі сабраным пры святочным стале пасілак: суп, а потым асноўную страву.

У доме назарэтанак на працягу зімовага, веснавога і восеньскага перыяду дзейнічае таксама бясплатная сталовая для бяздомных, дзе яны штодзень могуць з’есці абед. Яны прыходзяць, каб падсілкавацца і аблегчыць душу, распавядаючы пра свае праблемы. Для многіх з іх гэта адзіны пасілак, які яны спажываюць на працягу цэлага дня.

Ад гэтых людзей часта адварочваецца грамадства, але яны заўсёды могуць знайсці месца ў сэрцы Бога і Касцёла. Раз у тыдзень у кухні служаць пры выдачы пасілкаў навучэнцы гродзенскай семінарыі.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку