Сустрэча на малой радзіме. У Камаях узгадалі вядомых людзей, звязаных з касцёлам і парафіяй

Цікава і змястоўна праходзяць духоўныя сустрэчы ў Камайскім касцёле. Вось і сёлета, 6 мая 2018 года адбылася такая сустрэча, прысвечаная ўшанаванню памяці вядомых людзей, звязаных з гісторыяй касцёла і парафіі: святара-паэта Казіміра Сваяка, мясцовага паэта, члена  саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзя Нафрановіча і ўраджэнца Камайскай парафіі гісторыка, філолага, краязнаўцы Івана Драўніцкага.

 “У радасці жывём ці ў скрусе, за хлеб аддзячым роднай ніве.
І пажадаем Беларусі праслыць старонкаю шчаслівай
Сябе ад чорнага і злога малітвай шчыраю ачысцім,
І ўзвысімся душой да Бога, да разумення вечных ісцін.”
 А.Нафрановіч

Была праведзена Імша за гэтых людзей, а потым, па просьбе іх сваякоў, сустрэча з пачастункам у плябаніі ў мясцовага пробашча.

Прысутнічалі сыны Аркадзя Нафрановіча з сем’ямі, заслужаныя работнікі медыцынскіх устаноў г. Мінска. Напярэдадні яны наведалі магілы бацькоў на камайскіх могілках, падзякавалі кс. Яцэку за наведзеныя там парадак і чысціню.

Прыехала таксама ўдава Івана Драўніцкага з Мядзельшчыны з вялікай раднёй, дзецьмі і ўнукамі.

І Нафрановічы, і Драўніцкія —  былыя настаўнікі. Ксяндза Канстанціна Стаповіча (Казіміра Сваяка) таксама можна смела аднесці і да гэтай катэгорыі, таму на сустрэчу былі запрошаны настаўнікі мясцовых школ, міністранты, сябры сям’і Нафрановічаў. Прысутныя дзяліліся ўспамінанамі, гучалі вершы, песні на словы Аркадзя Нафрановіча і Івана Драўніцкага. Так, упершыню прагучаў цудоўны верш А. Нафрановіча «Малітва”. Арганістка касцёла напісала музыку да верша Івана Драўніцкага “Кастусь Стаповіч”. Песня таксама прагучала ўпершыню. Гучалі песні, прысвечаныя Маці Божай, Казіміру Сваяку, камайскаму касцёлу і іншыя. А словы песні “Калі вы сабярэцеся…” якраз адпавядалі словам св. Евангелля на гэты дзень.

Сваімі ўспамінамі падзяліўся і госць з Паставаў, сябар сям’і Нафрановічаў, ветэран працы Уладзіслаў Уладзіміравіч Лапушынскі.  Пры жыцці Аркадзя Нафрановіча яны часта сустракаліся, абмяркоўвалі розныя палдзеі, супрацоўнічалі.

Арганізатарам і душой сустрэчы быў кс. Яцэк. Ён частаваў прысутных сваёй фірменнай стравай — бігасам,  і госці  пыталіся рацэпт прыгатавання, якім кс. Яцэк ахвотна падзяліўся. У малодшага сына А. Нафрановіча, Анатоля, быў день нараджэння і кс. Яцэк падараваў яму Новы Запавет на беларускай мове. А Караліне Драўніцкай – маці і бабулі вялікага сямейства (яны выхавалі пяцёра дзяцей) – абраз Маці Божай Карміцелькі.

Старэйшы сын А. Нафрановіча – Валерый і жонка І. Драўніцкага — Караліна сардэчна падзякавалі кс. Яцэку і прысутным за памяць аб іх родных, за цёплыя ўспаміны аб іх, за захаванне і беражлівыя адносіны да духоўнай і гістарычнай спадчыны малой радзімы – Камайшчыны, за прыгажосць касцёла і прыкасцёльнай тэрыторыі, за парадак на шматлікіх могілках парафіі і пажадалі далейшых поспехаў у працы, шчасця і здароўя ўсім прысутным, хлеба і міру нашай Беларцусі і ўсяму свету.

Такія сустрэчы ўмацоўваюць людзей у веры, прывіваюць любоў да Радзімы, выхоўваюць цікавасць да яе гісторыі і запамінаюцца на ўсё жыццё.

Генавефа Дубіловіч

для друку для друку