Сустрэча на духоўныя тэмы прайшла ў школе ў Мёрах

У кіраўніцтва СШ №3 імя Ягора Томкі ў г. Мёры склалася добрая традыцыя запрашаць святара на сустрэчу з вучнямі, іх бацькамі і калектывам. Чарговае спатканне адбылося з мясцовым пробашчам ксяндзом Кшыштафам Мянкінам напрыканцы студзеня. Вучні 8-11 класаў з нецярпеннем чакалі духоўную асобу ў актавай зале. Падрыхтавалі пытанні, якія іх найбольш хвалююць. 

Выступленне святар распачаў па-філасофску. Моладзь часта думае, што горы можа звярнуць і толькі яна ведае ўсё лепш за іншых — такі падлеткавы максімалізм. Трэба быць больш стрыманымі ў адносінах да іншых і імкнуцца да дабра.

На шляху да сталення трэба разумець, што катэгарычнае дзіцячае слова «хачу» не заўсёды можа прыносіць добрыя плады і плён для душы. Гардыня і ўзнясенне сябе над іншымі — галоўны грэх у свеце. Нельга меншаму лічыць сябе разумней за дарослых і настаўнікаў, выстаўляць толькі сваё «Я». Калі Бог стварыў свет, то галоўным над іншымі стварэннямі паставіў чалавека. Удыхнуў у яго Свайго Духа, даў два падарункі — бессмяротнасць (вечнасць) і свабоду (магчымасць выбару). Грэх перакрэсліў дар вечнасці. Таму сваім набожным і праўдзівым жыццём чалавек павінен яе заслужыць.

«Вучні паступова ўступаюць у дарослае жыццё, надыдзе момант самастойнага прыняцця рашэння. Хочацца параіць жыць так, каб гледзячы ў люстэрка не саромеўся, што ты — гэта ты. У розных сітуацыях трэба заўсёды заставацца Чалавекам. Непарыўна існуюць цела і душа — старацца жыць у такой гармоніі,» — павучаў святар.

Распавёў пробашч пра галоўныя святы, якія чакаюць мёрскую парафію сёлета. Найперш гэта юбілей — 15 жніўня ў дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца 110-годдзе.

Шмат розных пытанняў задавалі школьнікі святару: Ці расплачваюцца дзеці за грахі бацькоў і наадварот? Ці грэх забіваць жывёл на паляванні? Розніца паміж цяжкім і лёгкім грахом? І на кожны змаглі атрымаць зразумелы для іх адказ.

Падлеткі цікавіліся і актуальным: ці лічыцца грахом пацалунак хлопца з дзяўчынай. Ксёндз Кшыштаф звярнуў увагу, што вынікае з такога жэсту ў далейшым: калі ён сяброўскі — не грэх, а калі ў далейшым могуць нарадзіцца дзеці, а пасля трапіць у дзіцячы дом — то гэта вельмі вялікі грэх!

Пасля развітання з вучнямі ксёндз накіраваўся на сустрэчу з дарослымі. За чаяпіццем у святара запыталіся наконт устаноўкі помніка Маці Божай, святкавання 110-годдзя касцёла, парафіяльнага жыцця і іншага.

Па матэрыялах mijory.by

для друку для друку