Сустрэча хрысціянскіх музыкаў «#ГрайПану» прайшла ў Жодзіна

«#ГрайПану» — так называўся з’езд хрысціянскіх музыкаў, які арганізавалі ўдзельнікі «Rybyproject» на базе жодзінскай парафіі Маці Божай Фацімскай. Сустрэча працягвалася з 10 па 12 сакавіка, і ўдзельнічала ў ёй каля 90 маладых хрысціянскіх музыкаў з Беларусі, Украіны і Узбекістана.

Запрашаючы на сустрэчу хрысціянскіх музыкаў, арганізатары такім чынам акрэслівалі яе задачы: «„Rybyproject“ запускае праект па фармацыі музыкаў, мэты якога: аб’яднаць хрысціянскіх музыкаў; разбудзіць Везувій запалу маладых людзей; знішчыць усялякага роду канкурэнцыю моцаю адзінства; павысіць прафесійны ўзровень музыкаў; стварыць годную альтэрнатыву свецкай музыцы на Беларусі. Мы гатовыя з радасцю падзяліцца сваім досведам служэння Пану праз музыку. За плячыма ў нас два альбомы, шэраг выступленняў на фестывалях, дыяцэзіяльных днях моладзі, служэнні ў розных кутках Беларусі ад Віцебска да Брэста».

У Жодзіна з’ехалася нямала музыкаў не толькі з усёй Беларусі, але таксама прыехала група студэнтаў з Любліна, якія паходзяць з Украіны і Узбекістана. Харчаванне і начлег для ўдзельнікаў былі арганізаваныя парафіянамі, а ўсе мерапрыемствы ў межах сустрэчы музыкаў адбываліся ў парафіяльным доме і ў касцёле.

Уся праграма падзялялася на тры часткі: супольная малітва праслаўлення Бога спевам; лекцыі ўдзельнікаў «Rybyproject», злучаныя з іх уласным досведам перажывання веры ў Бога і служэння Яму музычнай дзейнасцю; а таксама майстар-класы па вакале, барабанах, гітары, клавішах і гукарэжысуры. Завяршэннем сустрэчы стала нядзельная св. Імша, а яе музыкальным суправаджэннем былі спевы, якім навучыліся ўдзельнікі з’езду.

Галоўным сэнсам сустрэчы музыкаў у Жодзіне было не навучыцца граць і спяваць песні, а заахвоціцца да ўдасканальвання сваіх музычных талентаў дзеля служэння людзям і праслаўлення Бога. Неацэнным дарам было бачыць імкненне кожнага з удзельнікаў «Rybyproject» дасягаць больш высокага ўзроўню сваёй музыкі, пачуць сведчанні пра духоўнае развіццё, пра Божыя справы ў жыцці кожнага. Бог дае нам таленты, а багатыя плады яны прыносяць толькі ў служэнні імі. Сустрэча «#ГрайПану» напоўніла музыкаў вераю, што Пан Бог благаслаўляе беларусаў на вялікія добрыя справы ў Яго імя.

Вольга Качалка, ave-maria.by

Ад рэдакцыі. Больш фота і відэа з сустрэчы можна паглядзець у сацыяльных сетках: запісы з хэштэгамі: #ГрайПану #rybyproject #GrajPany #GP #GPweekend #nelazhaj

для друку для друку