Сумная статыстыка: 26 людзей Касцёла загінулі ў 2014 годзе

loveofgodУ 2014 годзе ў 15 краінах загінула 26 душпастыраў: дыяцэзіяльных і законных святароў, братоў і сясцёр, свецкіх вернікаў з 14 краін. Гэта на 3 асобы больш, чым годам раней і найбольш з 2009 г., калі загінулі 37 чалавек. Гэтыя і многія іншыя дадзеныя прадставіла ў канцы мінулага года ватыканскае місійнае інфармацыйнае агенцтва “FIDES”, на аснове сваёй уласнай інфармацыі і іншых крыніц.

Сярод забітых 17 святароў, адзін законны брат, 6 сясцёр, 1 семінарыст і 1 свецкі. На працягу многіх гадоў, першае месца гэтага ганебнага спісу займае Амерыка – Паўночная і Паўднёвая, у якой панеслі смерць больш паловы агульнай колькасці загінулых асоб – 14, затым Афрыка – 7 ахвяр, Азія і Акіянія – па 2 чалавекі, і Еўропа – адна ахвяра насілля.

Да гэтых лічбаў трэба дадаць па меншай меры 18 чалавек – 4 святары, 1 законная сястра і 13 свецкіх супрацоўнікаў – памерлых у выніку заражэння вірусам Эбола ў Ліберыі і Сьера-Леонэ падчас догляду за людзьмі, якія пацярпелі ад гэтага захворвання. Варта нагадаць, што ў 2013 годзе пачаўся працэс беатыфікацыі шасці італьянскіх законніц, якія загінулі ў Конга ў 1995 г., клапоцячыся аб заражаных іншым гатункам віруса Эбола.

Большасць людзей Касцёла былі забітыя ў мінулым годзе ў Мексіцы – 5, затым па 3 – у Венесуэле і Бурундзі, і па 2 у ЗША і Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы. Адзінай еўрапейскай краінай, дзе адбылося забойства святара, была Італія. Тут 3 сакавіка загінуў кс. Лацара Лангабардзі. Калі гаварыць пра краіны паходжання ахвяр, у першую чаргу, гэта Мексіка і Італія, адкуль паходзілі 4 забітыя, затым Злучаныя Штаты – 3 і Калумбія і Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка – па 2.

Варта адзначыць, што ў гады з 1980 па 1989 загінула па меншай меры 115 людзей Касцёла, але фактычная колькасць ахвяр, верагодна, значна вышэйшая, таму што рэгулярная статыстыка не вялася. У наступным дзесяцігоддзі (1990-2000 гг.) гэты паказчык значна ўзрос – да 604, прычым толькі ў Руандзе ў 1994 г., на працягу некалькіх месяцаў неверагодна жорсткай грамадзянскай вайны, загінулі па меншай меры 248 чалавек. З 2001 па 2013 гг. паведамлялася аб 317 ахвярах.

Сярод 921 загінулага з 1990 г., без уліку мінулага года, 16 біскупаў (сярод якіх адзін кардынал – Хуан Акампа, застрэлены 24 мая 1993 г. у аэрапорце мексіканскай Гвадалахары), 508 дыяцэзіяльных і законных святароў, 4 дыяканы, 76 законных братоў, 182 сястры, 65 семінарыстаў, 36 членаў інстытутаў кансэкраванага жыцця, 27 свецкіх вернікаў, 3 катэхеты і 4 валанцёры.

Ватыканскае радыё

для друку для друку