Сумесны вечар малітвы і праслаўлення прайшоў у Віцебску

1 чэрвеня, ясны і цёплы вечар. Выдатны ён не толькі тым, што лета ўступіла ў свае правы. У гэты дзень у Віцебску, у арт-цэнтры VZAP прайшоў вечар праслаўлення і малітвы з удзелам хрысціянскага гурта TALITHA KUM. На вечарыну былі запрошаны хрысціяне розных канфесій. Арганізавалі гэтае мерапрыемства вернікі касцёла Святой Барбары.

Удзельніца музычнага гурта TALITHA KUM Вольга Вішнякова трохі распавяла пра гурт:

“Гурту больш за пяць гадоў, цяпер у складзе дзевяць чалавек, на працягу гэтага часу склад гурта змяняўся, так як у асноўным у ім студэнты. Цяпер у нас пастаянны склад. Мы запісалі свой альбом. За гэты час удзельнічалі ў Баранавічах на хрысціянскім фестывалі, у Глыбокім, Гальшанах і ў іншых месцах выступалі”.

Вечар малітвы пачаў айцец Томаш:

“Я радуюся, што мы можам сустрэцца не толькі ў касцёле для малітвы і праслаўлення, можам рухацца ў адным Духу. Будзем прасіць Духа Святога, каб Ён кіраваў нашай сустрэчай. Там, дзе Дух Святы, прыходзіць аздараўленне, прыходзіць свабода, прыходзіць жыццё. Дух Святы прыходзіць з вадой жывой. Ён прыносіць аздараўленне, аднаўляе разбуранае. Царства Божае недалёка – яно ўнутры нас”.

Гучалі песні праслаўлення. Вернікі аднадушна і з радасцю пакланяліся Богу.

Сваім сведчаннем падзялілася Святлана:

«Усё сваё жыццё я адчувала любоў бацькі, які клапаціўся пра мяне, казаў, што ганарыцца мной, праводзіў са мной час. У яго заўсёды хапала ўвагі і любові. Мама працавалі настаўніцай, шмат часу аддавала чужым дзецям, рыхтавала ранішнікі. Мне тады здавалася, што для яе чужыя дзеці даражэйшыя за сваіх. Я ўвесь час параўноўвала любоў бацькі і мамы. Мне вельмi не хапала яе ўвагі. Аднойчы пад час службы я папрасіла Езуса прыбраць бар’еры паміж мной і мамай і працягвала маліцца аб гэтым на працягу года. Прайшоў год, і Бог пачаў мяняць нашы ўзаемаадносіны. Я ўбачыла плён сваіх малітваў. Убачыла змены ў маме і ў сабе. Які ўрок я атрымала?

1.Бог прывёў мяне ў супольнасць, дзе я магла расці і развівацца, паказаў мне праблему ва ўзаемаадносінах.

2.Бог даў сілы не сысці ад праблемы, а вырашыць сітуацыю з Божай дапамогай.

3.Бог даў сілы і сталасць у малітве. Адказ прыйшоў не адразу. Нават калі мы не бачым выніку, варта давяраць Богу”.

Сваю гісторыю распавяла Жанна:

«Чатыры гады таму загінуў мой муж. Я атрымала вельмі моцны ўдар. Гэты боль паралізаваў маю волю, пачуцці, мозг. Я стала згасаць. Прыйшла поўная абыякавасць да жыцця. Раптам патэлефанавала мая сяброўка з Амерыкі і параіла мне чытаць Евангелле паводле Яна. Я пачала чытаць і праз Слова Езус мне сказаў як Лазару: “Выйдзі з магілы”. Я пачала маліцца, пайшла ў касцёл, была як губка, гатовая ўбіраць у сябе ўсю духоўную вільгаць. Дух Святы насычаў мяне сваёй расой. Я разумела, што цвёрда стаю на нагах, і думала, што будзе далей. У мінулым годзе я вырашыла ехаць на рэкалекцыі. Я вельмі гэтага хацела, купіла квіткі, але адчула недамаганне. 21 жніўня, калі я павінна была ехаць на рэкалекцыі, мне зрабілі аперацыю. Быў пастаўлены дыягназ – рак. Даведаўшыся пра дыягназ, я здзівілася сваёй рэакцыі. У душы быў супакой Божы. Многія вернікі ўсіх канфесій маліліся за мяне. Калі я ляжала пад наркозам, я чула малітвы людзей. У канцы аперацыі я раптам пагрузілася ў светлую прастору. І голас, вельмі спакойны і ўпэўнены, пачаў чытаць малітву «Ойча наш». На слове “амэн” я прачнулася.

Два разы я стаяла перад тварам смерці. Першы раз, калі памёр муж, другі раз, калі сустрэлася з хваробай. У першым выпадку я была раздушаная, я не ведала Бога. У другім выпадку, ужо спазнаўшы Бога, я ўбачыла жыццё. Езус – гэта жыццё, Ён пераносіць нас ад смерці да жыцця. Ён мне даў сілы ўсё перанесці, ўмацавацца падчас хваробы Яго магутнасцю, напоўніў мяне любоўю, супакоем і святлом. Нядаўна я прайшла абследаванне – я здаровая».

Падчас малітвы айцец Томаш нагадаў яшчэ раз усім аб Божай любові:

«Божая любоў вельмі моцная. Езус пайшоў на крыж дзеля нас. Ён мог сысці з крыжа, але Ён не сышоў. Крыж – гэта гісторыя любові Езуса да нас. Калі мы сумняваемся, можам паглядзець на крыж. Бог першы нас палюбіў, і мы будзем любіць Яго».

У канцы малітвы і праслаўлення прысутныя зноў абнавілі свае адносіны з Богам, папрасілі быць Езуса Госпадам іх жыцця, працы, вучобы.

Каталіцкі святар і пратэстанцкі пастар завяршылі вечар супольнай малітвай блаславення.

Наталля Клепікаваvitebskby.com

для друку для друку