Сучаснае місіянерства

OLYMPUS DIGITAL CAMERA“Хвала Хрысту! Раскажыце, калі ласка, пра сучаснае місіянерства. У якіх кірунках яно праходзіць, з кім і якім чынам?”

Наталля

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Сучаснаму місіянерству прысвечаны дэкрэт Другога Ватыканскага сабора «Ad Gentes». Згодна з гэтым дакументам, асноўная мэта місіянерства – «давесці іх [народы] да веры, свабоды i Хрыстовага спакою» (Ad Gentes 5). Дасягаецца гэта праз «прыклад жыцця і прапаведаванне, а таксама праз святыя сакраманты i іншыя сродкі ласкі». Хрыстос паслаў апосталаў абвяшчаць Евангелле ўсім народам, іх наступнікі няспынна працягваюць гэтую справу. Місіянеры абвяшчаюць Евангелле ў краінах, дзе хрысціяне не з’яўляюцца большасцю і дзе людзі яшчэ не чулі пра Хрыста. Гэта так званая першасная евангелізацыя – ad gentes (прапаведаванне народам). Місіянерства на гэтых тэрыторыях можа пачынацца ад забяспечэння людзям, часта вельмі бедным, годных умоў жыцця і атрымання імі пачатковай адукацыі.

Місіянеры перакладаюць Святое Пісанне і іншыя важныя тэксты на нацыянальныя мовы. У культуры кожнага народа яны прагнуць узяць і развіць тое, што не супярэчыць хрысціянскаму духу, каб зрабіць словы Езуса больш зразумелымі (інкультурацыя). На місіянерскіх тэрыторыях павінны паступова ўзнікаць касцельныя структуры, у якіх несла б служэнне духавенства, што паходзіць з дадзенай тэрыторыі. Касцёл сурова забараняе прымушаць або падштурхоўваць каго-небудзь да прыняцця веры ці неадпаведнымі сродкамі прывабліваць да яе (Ad Gentes 13). На жаль, місіянеры часамі сутыкаюцца з непаразуменнямі і нянавісцю з боку прадстаўнікоў іншых рэлігій, крымінальных структур, варожых ідыялогій, часамі нават аддаючы за Хрыста сваё жыццё. У сучаснасці ўзнікае неабходнасць новай евангелізацыі тых асяроддзяў, якія вельмі даўно сталі хрысціянскімі, але людзі ў іх адышлі ад веры або з’яўляюцца вернікамі толькі паводле назвы.

для друку для друку