18 красавіка — калі ў Беларусі быў прызначаны Рэспубліканскі суботнік — у Гомелі прайшоў наступны этап добраўпарадкавання Прудкоўскіх могілак.
Такі своеасаблівы міжканфесійны суботнік правялі Гомельская юдэйская рэлігійная супольнасць «Бэйт Яакаў», абласная габрэйская супольнасць «Ахдут», дзяржаўнае прадпрыемства «Гомельскі спецкамбінат» і хрысціянскія вернікі, у тым ліку скаўты гомельскай рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці.
Прадстаўнікі розных канфесій працавалі разам, каб аддаць даніну павагі продкам, паслужыць на карысць горада і зрабіць крок да адзінства.
Гэта была ўжо трэцяя і, як мяркуецца, заключная акцыя па прывядзенню ў парадак старадаўніх могілак. Тут пахаваныя як іудзеі, так і хрысціяне, таксама на могілках размешчаны салдацкія магілы пад чырвонай зоркай. Дзесяткі магіл на могілках, дзе пахаванні вяліся ў 20-70 гадах мінулага стагоддзя, былі разбураны вандаламі і часам, могілкі былі практычна цалкам зарослымі, але пасля трохгадовай грамадскай акцыі іх здолелі прывесці ў парадак.
