Струнны квартэт “Vivat quartet” завітаў з канцэртам у Лынтупы

Музыка звяртала да Нябёсаў…
“Столькі эмоцый нахлынула. Сябе не пазнаю, умомант стаў такім сентыментальным…”, — дзяліўся ўражаннямі мужчына саліднага ўзросту, выходзячы з лынтупскага касцёла пасля канцэрта класічнай музыкі.

Я ж успомніла жанчыну, якая сядзела побач са мной, і час ад часу, стараючыся быць незаўважнай, змахвала з твару слёзы. Здаецца, толькі ў касцёле многія класічныя творы гучаць настолькі светла і пранікнёна.

Кранаючы сэрцы да самых глыбінь, міжволі прымушаюць адысці ад зямных праблем і задумацца над высокім і вечным. “Выманьваюць душу на сур’ёзную размову з Богам і самім сабой,” — цытую яшчэ адну парафіянку, якая таксама вярталася дадому перапоўненая эмоцыямі.

Думаю, канцэрт узрушыў слухачоў так моцна і таму, што ў пасёлку вельмі рэдка ладзяцца творчыя мерапрыемствы такога кшталту. А патрэбнасць у іх ёсць, прычым істотна большая, чым здаецца на першы погляд. Гэта выдатна разумелі арганізатары канцэрта — мінчане, якія маюць на Лынтупшчыне летнія дамы. Яны шчыра палюбілі гэты маляўнічы край і вырашылі зрабіць з яго культурную “сталіцу”. Дзякуючы ініцыятыве “дачнікаў”-актывістаў у пасёлку з’явілася ўстанова культуры “Лынтупскі культурны цэнтр “Культыватар”. Першыя мерапрыемствы прайшлі ўжо мінулым летам — тады з канцэртам выступілі салісты аркестра мінскага тэатра оперы і балета. Паслухаць іх прыйшло нечакана многа мясцовых жыхароў.

І вось — новая музыкальная сустрэча. На гэты раз у Лынтупы запрасілі струнны квартэт “Vivat quartet”. Ён арганізаваны ў Мінску ў 2014 годзе і складаецца з выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, артыстаў аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі. За гады існавання квартэт удзельнічаў у шматлікіх канцэртах і мерапрыемствах самага рознага ўзроўню — як у дабрачынных, так і ў выступленнях-прэзентацыях у прысутнасці вышэйшых асоб краіны.

Канцэрт адбыўся 15 ліпеня і быў бясплатным. У той суботні вечар у выкананні “Vivat quartet” прагучалі творы Баха, Пахельбеля, Гендэля, Вівальдзі, Тарціні, Моцарта, Паганіні, Шуберта, Чайкоўскага, Рахманінава, Эльгара, Скорыка і Агінскага. Кожны нумар справядліва заканчваўся гучнымі авацыямі шматлікіх слухачоў.

Якія ўражанні ад канцэрта засталіся ў саміх выступоўцаў?

— Найвыдатнейшыя, — не раздумваючы адказала скрыпачка Аніта Малюгіна. — Мы рэдка выступаем у храмах, хаця ў Еўропе гэта звычайная практыка. Таму невялікае хваляванне перад пачаткам прысутнічала. Аднак ігралася настолькі лёгка! Уражваюць інтэр’еры, акустыка, адчуваецца зацікаўленасць публікі. Для нас гэта новы вопыт, асаблівыя эмоцыі. Мы першы раз былі і ў лынтупскім касцёле, і наогул у гэтым краі. Калі запросяць яшчэ, прыедзем абавязкова. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва.

Клопаты па арганізацыі канцэрта ўзяла на сябе арт-дырэктар “Культыватара”, мінчанка Ядвіга Лукашык. Яна прызналася, што ідэю яго правядзення падказаў намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Натхніў і энтузіязм Тадэвуша Іванавіча Стружэцкага, які раней займаў пасаду намесніка Міністра культуры Рэспублікі Беларусь і які з’яўляецца ініцыятарам правядзення ў Паставах міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Дзякуючы менавіта яго старанням на Пастаўшчыне штогод ладзіцца фестываль арганнай музыкі, калі на працягу некалькіх дзён у розных касцёлах рэгіёна гучаць знакамітыя творы ў выкананні прафесійных выканаўцаў.

— Вельмі прыемна здзівіла і ўзрадавала колькасць людзей, якія прыйшлі на канцэрт — а гэта не толькі мясцовыя жыхары, але і турысты, “дачнікі”, якія маюць на Лынтупшчыне летнія дамы, — адзначыла Ядвіга Лукашык пасля завяршэння канцэрта. — Таксама ўразіў высокі ўзровень выканаўчага майстэрства артыстаў “Vivat quartet”. Музыкі адыгралі так, нібыта ў касцёле знаходзілася прафесура Венскай кансерваторыі. Я нібы апынулася ў тым даўнім часе, калі архітэктура, скульптура, жывапіс і музыка злучаліся ў адно, каб славіць веліч хрысціянскага Сусвету і яго Ўладара. Падобныя высокія пачуцці перажывалі і мае сябры. Лічу, што шматлікія мясцовыя вернікі, для большасці з якіх касцёл з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця, вартыя, каб у іх храме гучалі музычныя творы ў выкананні самых лепшых музыкантаў.

Ядвіга таксама выказала падзяку лынтупскім парафіянам і асабіста ксяндзу Аляксандру Барану за магчымасць зладзіць канцэрт (ён стаў першым сумесным мерапрыемствам “Культыватара” з касцёлам) і выказала надзею на далейшае супрацоўніцтва. Таксама падкрэсліла, што любыя ініцыятывы “Культыватара” заўсёды падтрымліваюцца мясцовымі ўладай і жыхарамі, што толькі спрыяе развіццю культуры на Лынтупшчыне.

У планах актывістаў “Культыватара” — правядзенне ў Лынтупах асенняга фестывалю камернай музыкі. “Гэта наша мара і мы будзем плённа над ёй працаваць,” — запэўнілі яны.

Іна Сняжкова, тэкст
Сяргей Вшыўкаў, фота

для друку для друку