Страх і хрысціянская вера

straxКалі вучні Хрыста спужаліся, бо падняўся вялікі вецер, а яны плылі па возеры, яны не маглі схаваць здзіўлення: Ісус тады спакойна спаў.

Вучні звяртаюцца да Хрыста з абурэннем: “Табе не ўсё роўна, што мы гінем?” На гэта Ісус адказвае: “Чаму вы баіцеся? Ці ў вас да гэтага часу няма веры?” Страх заўсёды звязаны з адсутнасцю веры.

Аналагічным чынам, пасля свайго ўваскрэсення, Хрыстос кажа: “Не бойцеся! Не бойцеся!” — пасля гэтага заахвочвання Ён патрабуе веры ў сваё ўваскрэсенне. Такім чынам, той, хто баіцца, не можа паверыць.

Вучні Хрыста ў час непагоды ведаюць, што Ісус знаходзіцца побач, яны бачаць яго ў лодцы, але яны баяцца. Нешта падобнае адбываецца ў нашым жыцці — у тыя моманты, калі ў ім пануе дрэннае надвор’е, буйны вецер.

Тады мы, можа, і не адкідаем Хрыста, але думаем, што Ён абыякавы да таго, што адбываецца з намі. Баязлівасць у такія хвіліны не азначае адмаўлення існавання Бога. Страх не прымушае нас думаць: “Я памыляўся, Бога ніколі не існавала”, але мы думаем: “Бога няма ў маім жыцці, Ён не цікавіцца маімі жыццёвымі клопатамі”.

Рознымі могуць быць тыя хвалі, якія парушаюць наш унутраны спакой. Аднак самыя небяспечныя — гэта хвалі нашага сэрца. Няўдачы на працы ці ў адносінах з іншымі не такія небяспечныя, як тое, што знаходзіцца ўнутры нас. Хвалі нашага страху, адсутнасці веры ў Бога або нашы пачуцці могуць затапіць нашу лодку.

Ад гэтых хваль мы можам памерці. У такой сітуацыі мы не бачым Бога, не заўважаем Яго руку. Там, дзе пануе страх, там няма любові. Можна сказаць па-іншаму: там, дзе ёсць страх, слабее наша вера.

Калі тое, што я планую зрабіць, я хачу зрабіць так, як быццам бы Бога не было, гэта азначае, што я раблю гэта ад страху. Лепш адмовіцца ад такіх планаў. Калі мы не ведаем, як нам паступіць, але ў нас ёсць час, каб адкласці рашэнне, то лепш пачакаць. Было б неразумна прымаць рашэнні пад уплывам эмоцый: страху, гневу, крыўды, пачуцця несправядлівасці.

Паддацца страху — значыць прыняць няправільнае рашэнне. Можа быць, мы не будзем мець усяго таго, што маюць іншыя — тыя, хто маладушнічае, каго можна купіць за матэрыяльны дабрабыт. Памятайма, што Бог хоча ад нас вернасці, а не жыццёвых поспехаў.

кс. Кірыл Бардонаў, ng.sb.by

для друку для друку