Сто гадоў легалізацыі абортаў. Малітва перапрашэння за грахі супраць жыцця пройдзе ў парафіях Беларусі

18 лістапада 1920 года, дакладна сто гадоў таму ў Савецкай Расіі пастановай Народных камісарыятаў Аховы здароўя і Юстыцыі «Аб ахове здароўя жанчын» дазволена бясплатнае правядзенне абортаў у савецкіх бальніцах. Гэты закон закрануў ўсю былую Расійскую Імперыю, уключаючы сённяшнія тэрыторыі Беларусі, Украіны, Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. Гэты дзень з’яўляецца афіцыйным пачаткам распаўсюджвання па ўсім свеце «цывілізацыі смерці», як яе назваў Ян Павел II у сваёй энцыкліцы Evangelium Vitae.

Вядома ж, ідэя легалізацыі абортаў не з’явілася сто гадоў таму, бо ўжо ў канцы XIX стагоддзя ў некаторых краінах існавала больш ці менш легальная практыка абартавання зачатых дзяцей і распаўсюджвання кантрацэпцыі, пра што, на прыклад, ярка піша Эміль Заля ў сваім рамане «Пладавітасць». Але менавіта ў Расіі па выніках Пірагоўскага з’езда ўрачоў ў 1913 годзе дыскусія аб неабходнасці легалізацыі абортаў выйшла на новы ўзровень. Вынікам гэтай дыскусіі стала тое, што Уладзімір Ленін у сваім артыкуле з 1913 году «Працоўны клас і нэамальтузіянства» патрабуе безумоўнай адмены ўсіх законаў, якiя пераследуюць аборт або распаўсюджванне інфармацыі аб кантрацэпцыі, што ён і рэалізаваў, прыйшоўшы да ўлады ў 1917 годзе.

Такім чынам, менавіта нашы продкі, якія жылі ў Расійскай Імперыі, а потым у Савецкай Расіі і СССР, нясуць духоўную адказнасць за пачатак масавага дзетазабойства, якое за сто гадоў прывяло да згубы больш за два мільярды дзяцей ва ўлонні сваіх маці. Кожны год да гэтай жудаснай лічбы дадаюцца яшчэ 50 мільёнаў абортаў, якія здзяйсняюцца ва ўсім свеце.

Эстафету СССР падхапіла Швецыя ў 1938 годзе, сацыялістычныя краіны ў 1956-57 гадах, Вялікабрытанія ў 1967, ЗША ў 1973 годзе, большасць развітых краін — у 1970-я гады, у 2007 годзе Партугалія і у 2018 годзе — Ірландыя. У тых краінах, дзе аборты па-ранейшаму забароненыя, пры ўдзеле шматлікіх міжнародных арганізацый вядзецца магутнае лабіраванне ў напрамку іх поўнай даступнасці, прычым пытанне абортаў даўно ўжо перайшло з медыцынскай і сацыяльнай сферы ў палітычную. Не выпадкова ў скандальным амерыканскім дакуменце NSSM-200, які стаў свайго роду кіраўніцтвам па зніжэнні нараджальнасці, выразна сказана наступнае: «Ні адна краіна не зможа знізіць рост насельніцтва, не прыбягаючы да абортаў… Сапраўды, аборты, легальныя і нелегальныя, сталі найбольш распаўсюджаным метадам кантролю нараджальнасці ў свеце».

Аднак самым разбуральным з’яўляецца дзеянне абортаў на духоўную сферу, бо нявінная кроў, пачынаючы з крыві Авеля, кліча аб помсце да неба, а гэта ўплывае на кожнага з нас, бо наша зямля прапіталася гэтай крывёю вельмі глыбока. Вельмі добра гэта разумела св. Маці Тэрэза з Калькуты, якая змагалася з абортамі усімі магчымымі спосабамі, называючы іх галоўнымі знішчальнікамі любові і міру: «Калі мы пагаджаемся з тым, што маці можа забіць сваё дзіця, то як мы можам забараніць іншым людзям забіваць адзін аднаго?»

Яшчэ адным вялікім апосталам пралайфа з’яўляецца св. Ян Павел II, які пры сустрэчы з абаронцамі жыцця казаў, што яны робяць самую галоўную працу на зямлі. У сваёй знакамітай энцыкліцы Evangelium Vitae, цалкам прысвечанай пытанням абароны жыцця, ён заклікае ўвесь свет да вялiкай малітвы за жыццё, бо толькі праз пост і малітву можна разбурыць сцены падману і хлусні, якія засланяюць ад позірку многіх нашых братоў і сясцёр бязбожнасць чынаў і законаў, варожых жыццю. Толькі малітва можа натхніць на пропаведзь Евангелля жыцця і на распаўсюджванне цывілізацыі жыцця і любові (пар. Evangelium Vitae, 100).

Натхнёныя заклікам да малітвы Святога Папы, беларускія абаронцы жыцця вось ужо два дзясяткі гадоў моляцца ў абарону ненароджаных дзяцей. Гэта і штогадовая акцыя духоўнага ўсынаўлення і спецыяльныя адарацыі дзеля перапрашэння за грахі супраць жыцця і сям’і, якія здзяйсняюцца на нашай зямлі, а таксама малітва непасрэдна ў клініках, дзе здзяйсняецца грэх дзетазабойства.

У гэтым годзе да 100-годдзя легалізацыі абортаў абаронцы жыцця з Расіі, Беларусі, Украіны, Казахстана, Польшчы і іншых краін аб’яднаюцца ў малітоўным ланцужку з 18 па 21 лістапада, каб горача прасіць Бога аб прабачэнні за грахі супраць жыцця, якія здзяйсняюцца на нашай зямлі. У Беларусі гэтая малітва будзе кругласутачнай з вечара 20-га да вечара 21 лістапада і будзе транслявацца анлайн.

  • Віцебск, парафіі Віцебскай дыяцэзіі (Глыбокае, Паставы, Полацк) i Гродна будуць адказнымі за малітву 20 лістапада з 18.00 і да 9.00 21 лістапада.
  • Магілёў, а таксама іншыя беларускія парафіі (Пінск, Брэст, Мінск, Смаргонь, Гомель, Баранавічы) – будуць адказнымі за малітву 21 лістапада ад 9.00 да 19.30.

Пачнецца гэта малiтоўная акцыя ў парафіі Святога Духа св. Iмшой а 18-й гадзіне, якую будзе цэлебраваць бiскуп Алег Буткевiч.

Малітва св. Яна Паўла II напрыканцы энцыклікі Evangelium Vitae:

О, Марыя,
світанне новага свету,
Маці ўсіх, хто жыве,
Табе даручаем справу жыцця:
узглянь, Марыя, на вялікае мноства дзяцей,
якім не дазваляюць прыйсці ў свет,
жабракоў, якія змагаюцца з нягодамі жыцця,
мужчын і жанчын — ахвяр бесчалавечнага гвалту,
старых і хворых, якія забіваюцца абыякавасцю
або ілжывым спачуваннем.
Зрабі, каб усе веруючыя ў Твайго Сына
здолелі адкрыта і з любоўю абвяшчаць
людзям нашай эпохі Евангелле жыцця.
Выпрасі ім ласку прыняцця яго
як вечна новага дару,
радасць усхвалення яго з удзячнасцю
праз ўсё сваё жыццё
і смеласць дзейсна і найстойліва
сведчыць пра яго,
каб яны маглі будаваць
разам з усімі людзьмі добрай волі
цывілізацыю праўды і любові
у гонар і славу Бога Творцы,
Які палюбіў жыццё.

для друку для друку