- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Стартавала першая і самая доўгая пілігрымка ў Будслаў

4a9f757fa82e2424605a9d5e45dcf6a3_L [1]Самае доўгае ў Беларусі паломніцтва Брэст — Баранавічы — Будслаў выйшла 18 чэрвеня з Брэста, а 25 чэрвеня ў Баранавічах да яго далучацца сотні мясцовых католікаў. З Брэста ў доўгі і нялёгкі, але радасны шлях рушылі каля 50 чалавек. Пілігрымка ўключае 16 дзён шляху, адлегласць, якую за гэты час пойдуць пілігрымы — 537 км.

Дзеці, моладзь, дарослыя, пенсіянеры, святары і сёстры законныя з песнямі, гутаркамі і малітвамі праходзяць у дзень да 50 кіламетраў. Для многіх незабыўныя пешыя пілігрымкі ў Будслаў становяцца сапраўдным адкрыццём, сустрэчай з Жывым Богам, пераломным момантам у жыцці.

У цэлым традыцыйна больш за тысячу католікаў ідуць пешшу з розных куткоў Беларусі да абраза Маці Божай Будслаўскай у нацыянальны санктуарый. Нагадаем, урачыстасці ў Будславе пройдуць 3-4 ліпеня пад дэвізам «Марыя — прытулак грэшных». У гэтым годзе ў шлях адправяцца больш за 13 пешых пілігрымак. Наступнымі за брэсцкімі пілігрымамі выйдуць у шлях католікі з Ліды 25 чэрвеня, назаўтра — пілігрымы з Віцебска, праз дзень — з Гудагая.

Паводле katolik-gomel.by [2]