Старшыня Саюза мастакоў аб аздабленні касцёлаў Беларусі

RV7209_ArticoloСтаршыня Беларускага саюза мастакоў, прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі саюзаў мастакоў краінаў СНД Рыгор Сітніца часта наведвае розныя гарады і мястэчкі Беларусі і ніколі не прамінае завітаць у мясцовыя святыні. Так і будучы нядаўна ў Гомелі спадар Сітніца наведаў касцёл Нараджэння Маці Божай – пакуль адзіны ў абласным цэнтры.

Святыня вядомая сваімі фрэскамі, якія намаляваў італьянскі іканапісец. Старшыня саюза мастакоў ацаніў афармленне касцёла і выказаў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё сваё меркаванне ўвогуле наконт мастацкага аздаблення каталіцкіх святыняў.

“Пры наведванні святыні найперш я звяртаю ўвагу на яе гістарычныя каштоўнасці, на тое, што захавалася. Вельмі важна, каб гісторыя касцёла прасочвалася ў ягоным мастацкім аздабленні. І зважаючы на такія вядомыя святыні, як, напрыклад, касцёлы ў Гродне, Пінску, Будславе, я знаходжуся ў вялікім узрушэнні. Яны маюць геніяльнае мастацкае аздабленне. Гэта не толькі багацце Каталіцкага Касцёла, але і ўсёй нацыі. І клопатам дзяржавы з’яўляецца задача захаваць гэта. Што да новых касцёлаў, то таксама ў большасці выпадкаў я ўсцешаны тым, як яны аздабляюцца. Напрыклад, святыня ў Гомелі: надзвычай густоўнае мастацкае аздабленне, я не знайшоў тут аніякіх хібаў. Прапорцыі, танальнасць, каларыт, пустата – усё ў гармоніі, бо тут працавалі вельмі добра мастацка адукаваныя людзі”, — прызнаўся мастацкі эксперт.

Суразмоўца адзначыў, што часам у афармленні касцёлаў трапляюцца некаторыя кічовыя рэчы. Гэта адбываецца ў тых выпадках, калі, напрыклад, святар, не маючы адпаведнай мастацкай адукацыі, спрабуе сам неяк аздабляць святыню. Але гэта не масавая з’ява, падкрэслівае спецыяліст. Па яго словах, большасць каталіцкіх касцёлаў у Беларусі захоўваюць еўрапейскую традыцыю: “Таксама і ў мадэрновых святынях я не бачыў нейкага вычварэнства – усё дастаткова стрымана. Аздабленне можа быць мадэрновым, але галоўнае, каб яно не пераставала быць духоўным – безумоўна, вельмі важна, каб у касцёле была духоўная атмасфера. Напрыклад, мінскі Чырвоны касцёл таксама мадэрновы, таму там адпаведнае мастацкае афармленне, яго рабілі мінскія прафесійныя мастакі і ведалі, што яны робяць: разумелі архітэктуру, час, таму разумелі, якім павінна быць мастацкае аздабленне”.

Таксама старшыня Саюза мастакоў даў параду пробашчам і парафіянам новых маленькіх святыняў, дзе сцены пакуль голыя: “Хай лепш яны пабудуць некаторы час голыя, хай яны будуць намоленыя, а калі ў парафіі з’явіцца нейкая капейка, тады трэба клікаць прафесіяналаў. Не давярайце самаўпэўненым самавукам, а кантактуйце з прафесійнымі арганізацыямі. І калі парафія раптам знаходзіць сродкі, то не трэба прыносіць у святыню нейкі купецкі безгустоўны стыль – аздабляць яе трэба найперш паводле духоўнага і высока мастацкага густу, а не па-багатаму, каб слова Божае ў гэтым аздабленні не заблукала”, — лічыць старшыня мастацкай асацыяцыі.

Спадар Рыгор Сітніца запэўніў, што Беларускі саюз мастакоў заўсёды гатовы даць парады і прадаставіць адмыслоўцаў, якія аформяць святыню на адпаведным узроўні.

Паводле Ватыканскага радыё

для друку для друку