«Станьце апосталамі дабрыні!»: Імша для выпускнікоў глыбоцкай парафіі

glybokaje_vypuskniki0211 чэрвеня ў беларускіх школах ладзяцца выпускныя вечары. Па даўняй добрай традыцыі выпускнікі з усіх гарадскіх школ гораду Глыбокае наведваюць каталіцкую і праваслаўную святыні. І 2015 год не стаў выключэннем.

На пачатак св. Імшы ўдзельніца парафіяльнага хору Ганна Шакола выканала спеў «Ave Maria» Баха-Гуно, як сімвал прысвячэння і даверу выпускнікоў Маці Божай.

Маладыя католікі дзякавалі Богу за 11 год вучобы ў школе і навуку рэлігіі на занятках катэхэзы. Хлопцы і дзяўчаты, іх бацькі і настаўнікі прасілі аб дарах Духа Святога, Божым благаслаўленні на далейшы жыццёвы шлях, які распачынаюць.

Падчас казання, кс.Віктар Місевіч нагадаў маладым людзям пра прыгажосць духоўную, да якой заклікае Езус Хрыстус. «Шчаслівы чалавек, які перад Богам прыгажэе, прыгажэе душой, сваімі ўчынкамі, бо ніякія золата і срэбра, прыгожыя сукенкі і касцюмы не зробяць з вас добрых людзей. Вашае жыццё толькі набірае поўную сілу. Пан Бог запланаваў для вас вялікую і цудоўную будучыню, Ён хоча каб вы былі святымі, дастойнымі, добрымі, каб бацькі радаваліся за вас. Дзяцінства ўжо скончылася, вы з поўнай адказнасцю ўваходзіце ў дарослае жыццё. Касцёл хоча ад моладзі таксама і апостальства. Вы паедзеце вучыцца ў іншыя гарады, на вас будуць глядзець аднагодкі. Не толькі кепскі прыклад заразны, дабро таксама мае вялікую моц. Езус хоча ад вас, каб сталі апосталамі дабра ў сваім асяроддзі. Таму прашу вас сення, станьце гэтымі апосталамі і ўсур’ёз успрымайце словы Хрыста, які вас пасылае ў свет. Памятайце, трымаць у руках трэба не толькі падручнікі, але і Евангелле, ружанец, дакранацца да святой вады ў касцёле. У цяжкія хвіліны не забывайце, што Езус вас моцна любіць. Прыйдзіце ў касцел і памаліцеся, гэта вельмі важна», — заклікаў святар.

Прыгадваючы свой выпускны, кс. Віктар распавёў вам пра тры крытэрыі, якія вызначыў для сябе яшчэ тады і на якіх трэба старацца будаваць сваё жыццё: «Простая абрэвіятура — БББ. Першае слова — гэта Бог, з якім трэба сябраваць і які з’яўляецца першай крыніцай майго жыцця і збаўлення, аўтарам майго паклікання. Другое, якое вельмі важнае, — гэта бацькі. Не забывайце ім тэлефанаваць, казаць як моцна іх любіце. Трэцяе — Беларусь — наша радзіма, нашы сябры, нашае жыццёвае акружэнне. Праяўляйце пашану да кожнага, каго спаткаеце на сваім жыццёвым шляху. Будзьце сапраўднымі апосталамі, бо ў вас вялікі скарб — Божая ласка! Паверце ў сябе, бо ў вас паверыў Езус Хрыстус, Ён вас палюбіў і адкупіў.»

На заканчэнне малітвы бацькі з падзякай за духоўнае выхаванне падарылі кветкі святару і законнай сястры. Ну і, канешне, агульны фотаздымак на памяць.

glybokaje_vypuskniki22

Выпускнікі другой сярэдняй школы г. Глыбокае

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку