Стаў вядомы лёс яшчэ аднаго расстралянага бальшавікамі святара

Грамадская ініцыятыва “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы” высветліла лёс ксяндза Адольфа Кашыца, які загінуў падчас вялікага бальшавіцкага тэрору.

Адольф нарадзіўся ў сям’і Каэтана Кашыца ў 1888 года ў вёсцы Казяны тагачаснай Віленскай губерні, непадалёк ад Ашмянаў. Скончыў духоўную семінарыю ў Жытоміры і ў 1914 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

З 1917 года быў адміністратарам парафіі ў вёсцы Клявань у Ровенскім дэканаце, а з 1920 года нёс святарскае служэнне ў пасёлку Ружын Сквірскага дэканату (Украіна).

Падчас бальшавіцкага пераследу Касцёла, калі асабліва пераследвалася духавенства, ксяндза Адольфа неаднаразова арыштоўвалі.

Падчас першага арышту ў 1927 годзе, які меў месца ў сяле Белагародка Ізяслаўскага дэканату, бальшавіцкія ўлады абвінавацілі святара ў “марнаванні грамадскай маёмасці і грошай” супольнасці, якая дала яму працу, і асудзілі яго на 3 месяцы прымусовых працаў.

У 1931 годзе яго зноў арыштавалі і кінулі ў вязніцу ў Бярдычаве. Гэтым разам абвінавачанне было больш сур’ёзным: “правядзенне сістэматычнай контррэвалюцыйнай агітацыі супраць сацыялістычных уладаў сярод грамадзян польскай нацыянальнасці”. Ксяндза вінавацілі таксама ў тым, што, “выкарыстоўваючы рэлігійныя пачуцці, ён рыхтаваўся да пераходу мяжы”. У абвінаваўчым заключэнні следствам было прапанавана справу ксяндза Кашыца накіраваць на разгляд сумнавядомай “тройкі” з прапановай прымяніць у адносінах да яго спецыяльную меру — змясціць у лагер на восем гадоў.

Доўгі час далейшы лёс рэпрэсаванага святара быў невядомы. Але нядаўна пры апрацоўцы базы дадзеных расстраляных у Воршы, змешчанай “Адкрытым спісам”, удалося даведацца пра тое, што адбывалася з ксяндзом Адольфам пазней.

У 1937 годзе ён служыў у касцёле ў Воршы і жыў у гэтым горадзе ў доме 25 па вуліцы Кірава. 26 верасня 1937 года, у самы пік сталінскага тэрору, святар быў арыштаваны НКУС. 22 кастрычніка камісія НКУС СССР і пракурора СССР абвінаваціла ксяндза Кашыца ў супрацоўніцтве з польскай разведкай і ў адпаведнасці з артыкулам 68 Крымінальнага кодэксу БССР асудзіла яго на вышэйшую меру пакарання — расстрэл. У бальшавіцкай вязніцы, чакаючы выканання прысуду, святар правёў 113 дзён.

Ксяндза Адольфа Кашыца расстралялі 17 студзеня 1938 года.

Яго справа знаходзіцца ў УКДБ Віцебскай вобласці.

Дзякуючы інфармацыі “Адкрытага спісу” ўдалося высветліць імёны 17 іншых святароў, расстраляных у Воршы. Усяго ў базе ёсць звесткі пра 1750 савецкіх грамадзянаў, расстраляных аршанскімі чэкістамі ў перыяд “вялікага тэрору” 1937–1938 гадоў. Сярод іх больш за 1100 беларусаў, больш за 500 палякаў, каля 40 габрэяў, а таксама латышы, літоўцы, украінцы, рускія. Відавочна, што гэта — далёка не поўны спіс расстраляных на аршанскай зямлі.

У Воршы вядома прынамсі пра шэсць месцаў расстрэлаў. Найбольш масавыя пахаванні знаходзяцца на Кабыляцкай гары і на Магілёўскай шашы каля вёскі Панізоўе. У 1982 годзе пры будаўніцтве чыгункі на Кабыляках былі знойдзены парэшткі 50-і чалавек. Афіцыйная дзяржаўная камісія высветліла: расстрэлы тут адбываліся ў перыяд 1937–1940 гадоў і праводзіліся ворганамі НКУС.

Цяпер на месцы масавых расстрэлаў усталяваны памятны знак, а грамадская ініцыятыва “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы” займаецца стварэннем народнага мемарыялу на ўшанаванне нявінных ахвяраў злачыннага савецкага рэжыму.

Ігар Станкевіч, Catholic.by

для друку для друку